Мінскі рынак нерухомасці ў 2019-м асеў на 8%

Мінскія будоўлі / Reuters
Мінскія будоўлі / Reuters

У 2019 годзе абарот ад продажу кватэр у Мінску знізіўся да $882,4 млн. у эквіваленце. Гэта на 8% менш, чым у 2018 годзе. Па колькасці прададзеных кватэр рынак прасеў яшчэ больш рэзка — на 9,4%, паведамляе Нацыянальнае кадастравае агенцтва.

У мінулым годзе беларусы, як і раней, лепш куплялі аднапакаёвыя і двухпакаёвыя кватэры. На іх прыйшлося 77% здзелак. Пры гэтым цэны на "аднапакаёўкі" і "двушкі" раслі. Да снежня 2019 года яны падаражэлі ў сярэднім на 7-11% у параўнанні са снежнем 2018-га.

Цэны на трохпакаёвыя кватэры былі больш стабільнымі. На першасным рынку яны выраслі ўсяго на 1%, а на другасным — на 4-5%.

Самы дарагі квадратны метр у 2019 годзе быў у аднапакаёвай кватэры ў "Доме Чыжа" — 3898 долараў. Уся кватэра абышлася пакупніку ў $260 тысяч.

Але гэтая кватэра не стала самай дарагой. Самая дарагая — у доме па вуліцы Язмінавай, 2г, у жылым комплексе за Нацыянальнай бібліятэкай на беразе Сляпянскай воднай сістэмы. Кватэру плошчай у 250,7 квадратных метраў прадалі за 485 тысяч долараў.

Спецыялісты Нацыянальнага кадастравага агенцтва прагназуюць, што ў 2020 годзе цэны на нерухомасць могуць спыніцца і нават пачаць зніжацца. Колькасць здзелак памяншаецца, а кошт квадратнага метра расце хутчэй, чым рэальныя даходы жыхароў Беларусі. Але чакаць зніжэння цэн не варта раней за другі квартал 2020 года — у пачатку цэны па інэрцыі працягнуць расці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі