Мінсельгасхарч: Курынае мяса з перавышэннем фіпранілу ў Беларусь трапіць не можа

Мінсельгасхарч: Курынае мяса з перавышэннем фіпранілу ў Беларусь трапіць не можа

Курынае мяса з перавышэннем нормы фіпранілу ў Беларусь трапіць ніяк не можа. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў. Такім чынам ён пракаментаваў звесткі пра тое, што ў Польшчы выявілі курынае мяса з трохразовым перавышэннем фіпранілу.

Чыноўнік паведаміў, што ад пачатку года з Польшчы ў Беларусі мяса птушкі ўвогуле не завозілася, бо дзейнічала забарона на ўвоз. Гэтая забарона была адмененая 21 жніўня, але з таго часу яшчэ ніводная партыя не была завезеная, і дазволу ніхто яшчэ не атрымліваў. "У сувязі з апошняй інфармацыяй Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду пакуль прыпыняе выдачу такіх дазволаў да высвятлення ўсіх абставінаў. Таму мяса птушкі з перавышэннем нормы фіпранілу ніяк не можа трапіць у Беларусь", — запэўніў Багданаў.

Мяса птушкі з Нямеччыны ў Беларусь, па яго словах, сёлета таксама не паступала. Агулам Беларусь імпартуе з Еўропы мяса птушкі ў адпаведнасці з квотамі ў рамках ЕАЭС — каля 10 тысяч тон у год. Курыныя яйкі, дадаў чыноўнік, наша краіне ўвогуле не імпартуе.

Паведамляецца, што Беларусь цалкам забяспечвае патрэбы ўнутранага рынку ў курыных яйках: наша краіна прадукуе каля 4 млрд штук яек у год. Каля 900 млн яек у год ідзе на экспарт. За першае паўгоддзе 2017 года экспарт яек склаў 385 млн штук на 18,3 млн долараў.

Як паведамлялася раней, на пачатку жніўня ў Еўропе пачаўся скандал з "атручанымі" яйкамі. З продажу былі канфіскаваныя некалькі мільёнаў яек з з высокім утрыманнем фіпранілу. Іх выявілі ў крамах і на складах у Бельгіі, Галандыі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі ды Францыі. Фіпраніл выкарыстоўваецца для барацьбы з вошамі, блохамі і кляшчамі. Ён забаронены для выкарыстання на жывёлах, чыё мяса прызначаецца для ўжывання ў ежу чалавекам.

Нядаўна ў Польшчы выявілі курынае мяса з павышаным утрыманнем фіпранілу. Бройлеры былі ўвезеныя з Нямеччыны напрыканцы ліпеня, аднак нямецкія ўлады папярэдзілі суседзяў пра магчымае ўтрыманне шкоднага рэчыва толькі напярэдадні. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі