Мінкульт стварае "Нацыянальную музычную прэмію"

Пераможца атрымае 3 тысячы долараў.

Міністэрства культуры Беларусі сумесна з Міністэрствам інфармацыі, Белтэлерадыёкампаніяй і прадзюсарскім цэнтрам "Спамаш" распрацоўваюць "Нацыянальную музычную прэмію". Як распавёў Еўрарадыё намеснік міністра культуры Віктар Кураш, конкурс стане штогадовым, а адбіраць намінантаў будзе прафесійнае журы.

Віктар Кураш: "Конкурс будзе праводзіцца цягам году. Будзе працаваць экспертны савет, які будзе складацца з прафесійнага музычнага журы, дзесяці прадстаўнікоў электронных і друкаваных СМІ, і мастацкі савет - рэжысёры пастаноўшчыкі і касцюмеры".

А змагацца музыкі будуць у шасці асноўных намінацыях - "Лепшая песня года", "Лепшы выканаўца", "Лепшы гурт", "Адкрыццё года", "Лепшы кампазітар", "Лепшы ў прафесіі". Таксама плануецца ўвесці і малыя прызы за беларускамоўную песню, музычны альбом, аранжыроўку, кліп, журналісцкую дзейнасць, лепшы канцэрт за мяжой і г.д. Акрамя таго будзе ўведзены спецыяльны прыз "За ўнёсак у развіццё беларускай эстрады". Падарункі пераможцам будуць разнастайныя, не абыдзецца і без адмысловай статуэткі.

Віктар Кураш: "Пераможцы атрымаюць прызы. Скажам, для лепшай песні года будзе ўсталяваная грашовая ўзнагарода памерам у 270 базавых велічыняў (крыху боль за 3 тысячы долараў - Еўрарадыё). Таксама будзе ўручацца акрамя дыплома і сімвал узнагароды. Над сімвалам мы зараз працуем. Што гэта будзе – паглядзім".

Намеснік міністра дадаў, што ў першых турах адбору "Нацыянальнай музычнай прэміі" будуць удзельнічаць і простыя гледачы, а вось пераможцы будуць вызначацца на фінальным гала-канцэрце.

Віктар Кураш: "Як і заканчэнне кожнага конкурсу – гэта будзе гала-канцэрт пераможцаў, якіх адбярэ глядацкая аўдыторыя, што будзе галасаваць смс-камі ці праз інтэрнэт, і прафесійнае журы. Мы так думалі, што па тры ўдзельнікі ў кожнай намінацыі, а ўжо ў фінале будуць вызначаныя пераможцы".

Спадар Кураш прызнаўся, што сярод беларускіх артыстаў мае пэўныя сімпатыі, але называць іх адмовіўся. І дадаў, што любіць ён усіх выканаўцаў і перамагчы можа кожны, галоўнае рупліва працаваць.

Дадамо, што першая  "Нацыянальная музычная прэмія" цалкам можа быць праведзеная бліжэй да канца гэтага года.

Фота: malridge.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі