Мінкульт паабяцаў Купалаўскаму тэатру дапамагчы выйсці з крызісу

Міністэрства культуры Беларусі дапаможа Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы выйсці з крызіснай сітуацыі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, каментуючы публікацыю ў прэсе адкрытага ліста актрысы тэатра Алены Іваннікавай да Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле яго слоў, міністэрства "дапаможа вырашыць складаную сітуацыю і сродкамі, і на арганізацыйным узроўні", паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, актрыса напісала аб творчым крызісе ў тэатры: адсутнасці "дастойных п'ес і дастойнай рэжысуры", працы акцёраў у тэатры "на паўстаўкі", іх пошуку творчай рэалізацыі "на баку". Яна крытыкавала бяздзеянне Мінкультуры ў наяўнай сітуацыі і заклікала кіраўніка дзяржавы "не ўкладваць грошы" ў спектаклі, якія ставяцца на дзяржзамову.

Віктар Кураш паабяцаў, што ў Купалаўскі тэатр будуць запрашацца новыя рэжысёры для пастановак, усім творчым калектывам будуць абмяркоўвацца п'есы, што прапануюцца для пастановак.

Разам з тым ён прызнаў існаванне дзяржаўнай замовы на пастаноўкі.

"Ёсць дзяржзамова. Ёсць тэма 60-годдзя вызвалення Беларусі, 60-годдзя з Дня перамогі і яшчэ нейкая дзяржаўная дата, якая святкуецца ўсенародна, і даецца дзяржаўная замова на пастаноўку спектакляў на ваенна-патрыятычную тэму або, напрыклад, да 200-годдзя з дня нараджэння Дуніна-Марцінкевіча, — сказаў чыноўнік. — Сапраўды, сёлета было пастаўлена восем спектакляў паводле яго п'ес".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі