Вы тут

Міністр культуры паабяцаў прыз за перайменаванне вуліцы тэрарыста Халтурына

Юрый Бондар. Фота: vb.by

Міністр культуры Юрый Бондар правёў у Брэсце выязны прыём грамадзян. Сярод іншых да яго прыйшла і дырэктарка музея гісторыі горада Святлана Тамчук, піша газета "Вечерний Брест"

Дырэктарка музея папрасіла згоды міністра на перайменаванне вуліцы Халтурына ў цэнтры горада. Яна звярнула ўвагу на тое, што жыццё і дзейнасць гэтага чалавека ніяк не звязаныя з Брэстам. Тамчук адзначыла, што ад ушанавання памяці Халтурына адмовіліся нават у Расіі: у вёсцы, дзе ён нарадзіўся, агульным рашэннем жыхароў быў знесены бюст, пастаўлены ў савецкі час.

Слесар Сцяпан Халтурын у 1880 годзе учыніў тэракт у Зімовым палацы ў Санкт-Пецярбургу — падарваў бомбу. Ён хацеў узарваць імператара Аляксандра ІІ, аднак пры выбуху загінулі 11 салдатаў, а 56 чалавек атрымалі раненні. 

"Няма нічога немагчымага, калі гэта адпавядае чаканням брастаўчан. Будзем дзейнічаць цывілізаванымі метадамі: трэба адкрыць грамадскае абмеркаванне па факце перайменаванне вуліцы і распрацаваць умовы конкурсу на лепшую новую назву. Найлепшую назву хай таксама вызначаюць гараджане. А пераможца конкурсу атрымае прыз ад міністра культуры Беларусі", — адказаў Бондар на прапанову дырэктаркі брэсцкага музея.