Мінгарсуд адмовіў “Маладому фронту”у рэгістрацыі

Увечары 17 жніўня скончыўся разгляд справы аб нерэгістрацыі моладзевага грамадскага аб’яднання “Малады Фронт”, які распачаўся з ініцыятывы моладзі, што спрабавала легалізаваць існаванне сваёй арганізацыі. Пра судовы працэс Еўрарадыё распавяла праваабаронца Алена Танкачова:

“Суддзя пагадзілася практычна з усімі довадамі ўпраўлення юстыцыі, якія аспрэчвалі ініцыятары рэгістрацыі “Маладога фронту”. Я лічу, што дадзенае судовае рашэнне нясе ў сабе пагрозу, як паказчык практыкі прымянення права і судовай практыкі, якая, як паказаў сённяшні працэс, гатовая прымаць рашэнне супраць ініцыятараў стварэння грамадскага аб’яднання на падставе меркаванняў пра магчымае парушэнне імі заканадаўства Беларусі ў далейшым.

Мяне скрайне непакоіць той факт, што ўпраўленне юстыцыі ў працэсе рэгістрацыі робіць запыт у Міністэрства ўнутраных спраў пра грамадзянаў, у тым ліку некаторых ініцыятараў стварэння “Маладога фронту”, якія раней прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці рознымі органамі. У сваю чаргу МУС гэтую інфармацыю прадстаўляе, а на яе падставе ўпраўленне юстыцыі выстройваюць свае меркаванні пра магчымы супрацьпраўны характар дзейнасці арганізацыі ў далейшым.

Каментуючы сітуацыю з “Маладым фронтам” у цэлым, хацелася б класіфікаваць гэта як подласць звычайную: з аднаго боку па ўсёй рэспубліцы на маладых людзей абвешчанае ганенне, аж да прыцягнення да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Пры сістэмных добрасумленных спробах ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыі і працаваць у статусе легальнай арганізацыі, ім проста не даюць гэтае права рэалізаваць. Паўстае пытанне “Хто і чаго дамагаецца?”, бо ўласна гэта і ёсць стварэнне перадумоваў для сацыяльнай варожасці і нецярпімасці.

Па выніках сённяшняга пасяджэння кожны наступны крымінальны прысуд у дачыненні да сябраў моладзевай арганізацыі, вынесены па артыкуле “Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, - гэта прамая маральная адказнасць тых людзей, якія на сённяшні дзень не даюць арганізацыі дзейнічаць у легальным статусе.

З пазітыву: я перакананая, што дадзеную справу ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Малады фронт” давядуць да касацыйнага разгляду (касацыйнай інстанцыяй у дадзеным выпадку з’яўляецца Вярхоўны суд). І калі Вярхоўны суд не адменіць рашэння Мінскага гарадскога суду пра нерэгістрацыю, я ўпэўненая, што перспектывы разгляду гэтай справы ёсць у Камітэце ААН па правах чалавека, таму што падобная практыка без сумневу з’яўляецца парушэннем абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні гарантыяў свабоды асацыяцыяў, прынятых у межах Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Па-другое, з пазітыўнага: я абсалютна перакананая, што будучыня беларускай юрыспрудэнцыі і юстыцыі за такімі маладымі людзьмі, як Наста Лойка, якая прадстаўляла інтарэсы арганізацыі ў судзе і цягам усяго дня дэманстравала высокі прафесіяналізм, спакойна, узважана і аргументавана адстойвала пазіцыі грамадскага аб’яднання “Малады фронт”.

Нагадаем, асноўнай прычынай адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі з’яўляецца тое, што ва ўпраўлення юстыцыі былі падставы меркаваць, што ў выпадку рэгістрацыі арганізацыя будзе ажыццяўляць незаконную дзейнасць, у тым ліку праз удзел у вулічных акцыях: мітынгах, шэсцях і дэманстрацыях. Толькі ў бягучым годзе “Малады фронт” рабіў 2 спробы легалізацыі – у траўні і ліпені. У абодвух выпадках ініцыятарам рэгістрацыі было адмоўлена.

Фота — www.mfront.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі