Мінгандлю: Будзем забіраць забароненыя расійскія тавары (храналогія вайны)

Вечарам пятніцы 12 снежня краіна даведалася імя свайго галоўнага санітарнага урача. Ігар Гаеўскі выдаў пастановы аб забароне ў Беларусі кавы расійскай вытворчасці "Paulig" і локшыны хуткага прыгатавання “Біг-Ланч”.

“Прыпыніць абарот на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў пастановах.

Прычына — не тыя “мікрабіялагічныя паказчыкі” і неадпаведнае утрыманне ў каве “афлатаксіна В1”, рэчыва, якое парушае кіслотна-шчолачны баланс.

У Мінгандлю Еўрарадыё гавораць, што згаданыя ў пастановах галоўнага санітарнага ўрача расійскія тавары, якія цяпер ляжаць на паліцах крамаў, будуць адтуль забіраць:

“Усе згаданыя тавары павінны быць вынятыя з гандлёвай сеткі краіны”, — гавораць там.

Гандлярам даюць тыдзень — да 22 снежня. Кантраляваць канфіскацыю павінны Мінгандлю, МУС, аблвыканкамы і Камітэт па стандартызацыі. У выпадку знаходжання забароненай прадукцыі на паліцах — “забяспечыць прымяненне мер, прадугледжаных Указам кіраўніка краіны “Аб дадатковых мерах па абароне парвоў спажыўцоў”. То бок — штрафаваць.

Вытворцы тым часам пра забарону сваёй прадукцыі ў Беларусі даведваюцца ад журналістаў:

“Вы не маглі б пераслаць нам тэкст пастановы? Зыходзячы з яе зместу, мы зможам апублікаваць сваю пазіцыю па справе”, — кажуць у аддзеле маркетынгу расійскай кампаніі “Пауліг груп”.

Нечаканасцю дзеянні беларускіх уладаў сталі і для вытворцы локшыны “Біг-Ланч” у Тульскай вобласці.

Храналогія расійска-беларускай гандлёвай вайны:

20 лістапада — “Рассяльгасхарч” інфармуе Беларусь пра абмежаванне паставак садавіны і гародніны з тэрыторыі Беларусі. Прычына — падазрэнні ў рээкспарце з краін Еўрасаюза.

24 лістапада — Расія ўводзіць забарону на пастаўкі мясной прадукцыі васьмі беларускіх прадпрыемстваў. Афіцыйная прычына — геном свіной чумы ў мясе і каўбасах. Незалежныя эксперты гавораць, што сапраўднай прычынай забароны таксама з’яўляецца рээкспарт мяса з краін ЕС.

26 лістапада — пад забарону трапляюць яшчэ 11 беларускіх прадпрыемстваў.

27 лістапада — На сітуацыю рэагуе кіраўнік краіны. “Не трэба нас прэсаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачнеце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду", — абяцае Лукашэнка.

4 снежня — Віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы праводзіць перамовы са сваім калегам з Расіі Аркадзем Дварковічам. Дамаўляюцца па 4 прадпрыемствах. Рэшту абяцаюць праверыць да 14 снежня.

8 снежня — Беларусь аднаўляе выбарачны мытны кантроль на беларуска-расійскай мяжы. “Нашы фуры стаяць па 3-4 дні на мяжы”, — паведамляюць расійскія перавозчыкі.

12 снежня — Галоўны санітарны урач Беларусі Ігар Гаеўскі выдае пастановы аб забароне на гандаль кавай і локшынай расійскіх вытворцаў. Афіцыйная прычына — шкодныя рэчывы. Прадукцыю канфіскоўваюць з крамаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі