Мінфін Беларусі заявіў пра $10 млрд стратаў ад падатковага манеўру Расіі

Мінфін Беларусі заявіў пра $10 млрд стратаў ад падатковага манеўру Расіі

Мінфін Беларусі заявіў пра 10 мільярдаў долараў стратаў, якія ў бліжэйшыя шэсць гадоў наша краіна можа панесці ад падатковага манеўру Расіі ў нафтавай сферы. Намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец пра гэтую праблему гаварыў на форуме для замежных інвестараў BelarusCrossway'18. Як інфармуе belaruspartisan.by, ён назваў два сцэнары развіцця сітуацыі. Згаданая сума стратаў магчымая пры негатыўным сцэнары, калі беларускі бок не атрымае ніякай кампенсацыі. Паводле слоў Белкаўца, у такім выпадку перапрацоўка нафты стане стратнай. Ужо не будзе патрэбы ўвозіць за год 24 млн тон нафты, для ўнутранага рынку будзе дастаткова і 6 млн тон (1,5 млн тон Беларусь здабывае самастойна).

У Мінску ўсё ж спадзяюцца, што будуць прынятыя "пэўныя кампенсацыйныя меры".

"Крыніцы, якая б кампенсавала выпадаючыя даходы ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў, цяпер проста няма, — гаварыў намеснік міністра фінансаў. — Таму беларускі бок займае жорсткую пазіцыю ў перамовах з Расіяй".

Падатковы манеўр у нафтавай сферы прадугледжвае зніжэнне экспартных пошлін на нафту з 30% да 0%. Пры гэтым адбудзецца прапарцыйнае павышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку чакаецца, што расійская нафта для Беларусі падаражэе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі