Вы тут

Мінчука арыштавалі на 12 сутак за ўлёткі пра сумленныя выбары

Улёткі ў Мінску / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

7 жніўня 19-гадовага Сашу Навумава пакаралі 12 суткамі адміністратыўнага арышту за расклейку ўлётак пра сумленныя выбары. На суд тынэйджар прыехаў з бальніцы: пасля затрымання ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз.

— Сказалі, што псую фасады будынкаў, — распавядае Еўрарадыё Саша. — Я гэты пратакол падпісаў. 

За парушэнне іншых правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў Аляксандра аштрафавалі на 10 базавых велічынь — 270 рублёў. У суд справу не перадавалі — разгледзелі проста ў Першамайскім РУУС.

 

— На наступны дзень да мяне прыйшлі два міліцыянты, паведамілі, што са мной трэба правесці тлумачальную гутарку. Маўляў, нічога не бяры — потым вернешся.

Па словах Аляксандра, у РУУС на яго склалі яшчэ адзін пратакол — як ён зразумеў, за дробнае хуліганства. Але прачытаць, што ў ім напісана, не далі. 

— Мне сказалі: "Альбо ты цяпер падпісваеш і ідзеш дадому, альбо не падпісваеш і мы цябе адпраўляем на Акрэсціна [там размешчаны ізалятар часовага ўтрымання. — Еўрарадыё], — працягвае суразмоўца. — Калі я адмовіўся (бо я не бачыў, што там напісана), адзін з іх у грубай форме даў зразумець, як я яму надакучыў і што (не даслоўна) ён мне ўмажа.

У Сашы падскочыў ціск, таму міліцыянты выклікалі ў РУУС машыну хуткай дапамогі. Падлетак правёў у бальніцы чатыры дні.

Пасля размовы з Еўрарадыё Аляксандр на сувязь больш не выходзіў. Увечары мы патэлефанавалі яго маме:

— Сёння я прыехала ў бальніцу, хацела ўбачыцца з сынам. Так атрымалася, што я стаяла побач з тым выхадам, адкуль яго вывелі, таму атрымалася, — распавядае яна. — Ён перадаў мне свае рэчы. Па дарозе я прымудрылася згубіць яго тэлефон.

Мая Уладзіміраўна даведалася, што сына вязуць у суд. Калі яна прыехала туды і прад'явіла пашпарт на прахадной, сакратару перадалі: "Тут прыйшла Навумава — паклічце хлопцаў зверху, хацелі пагутарыць".

— Я зразумела, што трэба сыходзіць, таму што закрыюць і мяне. Прыдумаць нагоду нядоўга. Таму я адтуль сышла і на пасяджэнні не знаходзілася, — тлумачыць яна.

Пазней Мая праз знаёмых даведалася, што яе сына арыштавалі на 12 сутак. Дзе ён цяпер знаходзіцца, яна не ведае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.