Мінчанам прыходзяць жыроўкі з дзіўнымі пераразлікамі за гарачую ваду і ацяпленне

Мінчанам прыходзяць жыроўкі з дзіўнымі пераразлікамі за гарачую ваду і ацяпленне

Мінчанам пачалі прыходзіць жыроўкі за жнівень з дзіўнымі пераразлікамі за гарачую ваду і ацяпленне. Наталлі налічылі недаплату за падагрэў вады больш чым на 16 рублёў.

“Гэта пераразлік гікакалорый за папярэднія месяцы, — тлумачаць у разлікова-даведкавым цэнтры. — То бок, калі нешта пераразлічваецца па падагрэве вады, то гікакалорыі, якія пераразлічылі, дабіраюцца па ўсіх кватэрах. Калі тлумачыць простымі словамі, то ў папярэдніх месяцах у вас быў выстаўлены меншы паказчык гікакалорый, чым трэба”.

Еўрарадыё: А ад чаго гэты паказчык залежыць?

РДЦ: Калі камусьці пераразлічваюць гарачую воду, то з яго здымаюцца гігакалорыі. Іх і размяркоўваюць па іншых кватэрах.

Еўрарадыё: То бок, калі нехта не здаваў паказанні лічыльнікаў…

РДЦ: “Не! Вашы лічыльнікі лічаць колькасць кубоў, якую вы скарысталі. А тут справа пра лічыльнік, які стаіць у вас у доме. Ён разлічвае цеплавы складнік — колькі гігакалорый было затрачана на тое, каб у пэўным месяцы ў вашым доме падагравалася вада. У кожным доме стаіць такі лічыльнік, кожны месяць з яго здымаюцца паказанні. Зыходзячы з гэтага, разлічваецца колькасць гігакалорый”.

Супрацоўніца Разлікова даведкавага цэнтру відавочна нервуецца, ёй вельмі не падабаецца тое, што я не разумею яе тлумачэнняў. Праўда і сама спецыялістка так і не можа патлумачыць, адкуль пераразлік ажно ў 16 рублёў у аднапад’ездным дзевяціпавярховіку на 54 кватэры.

Застаецца без каментарыя ііншае пытанне: якім чынам падлічваюць падагрэў вады па кожным доме, калі гарачая вада ў кватэры паступае з вялікіх кацельняў па трубах. Бо падлічыць затраты энергіі на падагэў вады па доме можна толькі ў тым выпадку, калі ў доме ўсталяваная асобная кацельня.

“Вада сапраўды грэецца цэнтралізавана, але пры ўваходзе ў дом яна падаграецца яшчэ раз, пасля чаго расходзіцца па кватэрах, — тлумачаць у Мінскіх цеплавых сетках. — Там адмысловыя электрапрыборы і лічыльнік, які лічыць гігакакалорыі, затрачаныя на дадатковы падагрэў вашай вады”.

Яшчэ адна жыроўка, якая трапіла нам у рукі, патрабуе ад жыхара даплаціць амаль два рублі за падагрэў вадыі і тры капейкі… за ацяпленне. Пераразлік за ацяпленне ў жніўні!

ЖЭС тлумачыць, што тут вінаватыя Цепласеткі. У сваю чаргу, Цепласеткі пераконваюць, што ніякага дачынення да пераразліку не маюць. Супрацоўніца Цепласетак кажа: “Я б сама з задавальненнем даведалася, чаму такая жыроўка прыйшла”. У яшчэ адным ЖЭСе пераразлік прыпісваюць водаканалу. Больш-менш ратуе сітуацыю супрацоўнік Разлікова даведкавага цэнтру Савецкага раёна Мінска:

“Дапусцім, што ў гэтым месяцы ЖЭС і Энергасбыт снялі паказанні з вашых дамавых лічыльнікаў і палічылі аплату. А ў наступным месяцы чалавек прыносіць дакументы, што ён быў за мяжой ці на лецішчы і не карыстаўся вадой, але яму ў жыроўцы ўсё роўна выстаўлялі расход па сярэднім паказчыку. Калі пераразлік гэтаму чалавеку ўносіцца ў камп’ютар, то адмысловая праграма адразу робіць пераразлік і на ўсе астатнія кватэры дома”.

Па словах спецыяліста такія пераразлікі былі заўсёды, проста раней раз на год. А цяпер камп’ютарная праграма робіць гэта аўтаматычна. Ды і раней людзі рэдка фіксавалі тое, што выяжджаюць з кватэр на пэўны час, таму такія пераразлікі не былі такімі заўважнымі. Калі ў вашым доме ёсць людзі, якія не рэгулярна паведамляюць дадзеныя кватэрных лічыльнікаў па вадзе, то графа “Сума пераразліку” ў вашай жыроўцы будзе рэгулярна запоўнаная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі