Міліцыю пазбавілі права зганяць бабулек з семкамі

Цяпер ім будзе надакучваць падатковая інспекцыя

У новым Адміністрацыйным кодэксе адменены артыкул пра адказнасць за гандаль у нявызначаным месцы. Міліцыя больш не будзе пастаянна сачыць, ці не гандлююць у перахода метро семкамі. Да таго ж невядома, хто больш гэтаму парадуецца: міліцыянты, якія перастануць сачыць за бабулькамі, ці самі гандляркі. Ці адчулі на сабе змены ў заканадаўстве бабулькі, Еўрарадыё расказала Тамара Пятроўна, прадавачка семак каля універсаму “Рыга”:

“Усё роўна міліцыя ганяе. Забіраюць – тады гавораць, што за гандаль у непрызначаным месцы, спаганяюць штаф. У гэтым годзе не забіралі, бо збягалі. 70 год – трэба бегаць. Для нас любы штраф – гэта грошы. 260 тысяч пенсія. Ці можна на яе пражыць? Пастаіш, нешта прадасі – ужо не просіш і не будзеш міласціну прасіць”.

Аляксандр Ластоўскі, супрацоўнік прэс-цэнтра ГУУС Мінгарвыканкаму, расказаў Еўрарадыё, што ўжо з 1 сакавіка міліцыя не мае права не тое, каб забіраць прадукцыю бабулек, але і нават зганяць з месца продажу:

“Зараз у Адміністрацыйным кодэксе не прадугледжана адказнасць за гандаль у непрызначаных месцах. Адпаведна, гэтае пытанне выходзіць з-пад юрысдыкцыі міліцыі. Максімум, што могуць зараз зрабіць міліцыянты, – гэта неяк папярэдзіць аб адказнасці, папрасіць сыйсці з месца. Іншыя праблемы – падатковая і санэпідэмстанцыя”.

Маёр Казак, старшы інспектар пастарунку каля Камароўскага рынку, распавёў, што міліцыянты толькі прапаноўваюць гандлярам сваёй прадукцыяй перайсці на рынак:

“Міліцыянты толькі папярэджваюць пра адказнасць перад падатковай. Таксама прапануюць перайсці гандляваць на рынак”.

Бабуля Зоя, якая гандлюе кветкамі каля Камароўскага рынку, расказала Еўрарадыё, што ў гэтым годзе стаўленне міліцыі насамрэч стала больш памяркоўным:

“Праганяюць – збягаем. Калі-нікалі забіраюць і звозяць у міліцыю. Забіралі кветкі. Штрафы плацілі. У гэтым годзе неяк больш спакойна”.

Аднак жа расслабляцца бабулькам пакуль рана – зараз замест міліцыі справамі гандлю на вуліцы зоймецца падатковая інспекцыя. У кожным раёне горада нават існуе спецыяльны рэйдавы аддзел. Так, з пачаткам дзеяння новага кодэксу па артыкуле “Незарэгістраваная дзейнасць” ужо былі аштрафаваны некалькі таксістаў.

Вольга Мулявіна, намесніца начальніка рэйдавага аддзела падатковай інспекцыі Савецкага раёна Мінска, дзе і знаходзіцца Камароўскі рынак, патлумачыла Еўрапейскаму радыё, што з боку падатковых законаў бабулек могуць аштрафаваць на 1,5 мільёна рублёў:

“Прадугледжана адказнасць за незаконны занятак прадпрымальніцкай дзейнасцю. Без дзяржрэгістрацыі, без дазволу — штраф ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй”.

Адзіным выйсцем для бабулек з’яўляецца напісаць заяву ў падатковую з просьбай дазволіць гандляваць 60 дзён на год без аніякай рэгістрацыі. Прычым трэба будзе плаціць на карысць дзяржавы штомесяц 35 еўра:

“Трэба прыйсці ў падатковую, зарэгістравацца ў якасці прадпрымальніка ці на год можна гандляваць 60 дзён без рэгістрацыі ў якасці прадпрымальніка. Неабходна будзе плаціць фіксаваны падатак памерам каля 35 еўра.”

У гэтым выпадку гандляваць можна будзе толькі 5 дзён на месяц. Такім чынам, калі бабулька з семкамі вырашыць хоць неяк узаконіць свае адносіны з дзяржавай, ёй прыйдзецца прадаць за дзень 42 шклянкі семак. І гэта толькі для таго, каб “адбіць” грошы за рэгістрацыю, не згадваючы выдаткі на самі семкі. Наўрад ці такое магчыма…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі