Міліцыянты Камянца: Ніякага бунту ў шпіталі сухотнікаў не было

Міліцыянты Камянецкага РАУС заяўляюць, што ніякага бунту сярод сухотнікаў у Вярховіцкім шпіталі не было. Па словах начальніка раённага аддзела аховы Леаніда Кажухоўскага, хуліганіў толькі адзін чалавек: Кажухоўскі: "Яго асудзілі на трое сутак. Не падпарадкаваўася міліцыянту. Яны пілі ў палаце, не хацелі выконваць рэжым дня, адбой. Усе спалі, а яны шумелі. І міліцыянт з паста пайшоў туды, пачаў іх супакойваць. І адзін там ледзь не скакаў на спіну міліцыянту".

Дзяжурны міліцыянт выклікаў на дапамогу нарад з РАУСу. Каб дабрацца да шпіталя, міліцыянтам давялося ехаць 40 кіламетраў — бліжэй міліцыі папросту не было.

Парушальнік рэжыму падбухторваў і іншых хворых. Аднак, як сцвярджае камянецкая міліцыя, ягоныя заклікі былі марнымі: ніхто на іх не паддаўся.

Дарэчы, па словах Л.Кажухоўскага, адзін міліцыянт са зброяй мусіць аховаць некалькі дзесяткаў хворых сухотнікаў, сярод якіх большасць складаюць так званыя "асацыяльныя элементы":

Кажухоўскі: "50 чалавек іх там, і практычна ўсе асуджаныя па пяць разоў. У гэтым аддзяленні! Мы ахоўваем менавіта гэтае аддзяленне".

Аддзяленне для прымусовага лячэння хворых на сухоты было створанае ў Вярховіцкім шпіталі роўна два гады таму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі