Міліцыянт прыйшоў у лякарню, каб скласці пратакол на актывістку прафсаюза РЭП

Міліцыянт прыйшоў у лякарню, каб скласці пратакол на актывістку прафсаюза РЭП

Каб скласці пратакол на актывістку прафсаюза РЭП у Бабруйску Галіну Лазараву, кіраўнік аддзелу аховы правапарадку падпалкоўнік Сяргей Рудзько ў Бабруйску прыйшоў у дзіцячае аддзяленне гарадской інфекцыйнай лякарні. Жанчына ляжыць там з малым дзіцем, паведамляе Радыё "Свабода".

Лазараву вінавацяць ва ўдзеле ў пікеце на бабруйскай плошчы Перамогі ў мінулую суботу. Яе хацелі затрымаць яшчэ падчас акцыі, але праваабаронца Алег Жалноў разам з іншымі ўдзельнікамі пікета перашкодзілі міліцыі.

Тры дні пасля пікета падпалкоўнік Рудзько патрабаваў, каб Лазарава прыйшла ў аддзяленне міліцыі. Жанчына мае дома траіх малых дзяцей, да таго ж адно з іх захварэла, так што ёй давялося класціся з ім у шпіталь. 

Там Рудзько і сустрэўся з актывісткай. Ён правёў допыт Лазаравай у працэдурным пакоі. Актывістка затэлефанавала сябрам, і да яе ў лякарню прыехала кіраўніца бабруйскай суполкі РЭП Галіна Смірнова, актывіст Уладзімір Усер і Алег Жалноў. Дарэчы, Жалноў пачаў весці стрым з гэтага допыту, тады Рудзько звінаваціў яго ў перашкодзе адміністрацыйнаму працэсу і выклікаў міліцыю.

Па словах Смірновай, Рудзько стаў крычаць на прысутных, а калі яны пайшлі на выхад, то спрабаваў спыніць іх да прыезду іншых міліцыянтаў. "Усе пацыенты сабраліся на гэтыя крыкі, лекары — усе былі ў шоку", — кажа Смірнова. На выхадзе з лякарні міліцыянты затрымалі Алега Жалнова і Уладзіміра Усера, іх да ночы пратрымалі ў міліцыі. Галіне Смірновай падпалкоўнік Рудзько таксама выпісаў пазоў, але жанчына яго не ўзяла. 

Міліцыянт прыйшоў у лякарню, каб скласці пратакол на актывістку прафсаюза РЭП
Courtesy Photo

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі