Мікалай Снапкоў: ВУП Беларусі напалову залежыць ад Расіі

Эканамічны рост у Беларусі прыкладна напалову залежыць ад Расіі. Пра гэта  ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Пры гэтым ён кажа, што ў 2015 годзе дынаміка ВУП у Расіі наўрад ці істотна паўплывае на выкананне зацверджанага ў Беларусі прагнозу па тэмпах эканамічнага росту (на ўзроўні 0,2-0,7%). На думку Снапкова, нават калі ВУП Расіі крыху знізіцца ў наступным годзе, попыт на беларускую прадукцыю будзе захоўвацца, бо мы пастаўляем у Расію прадукты харчавання і нафтапрадукты.

Не павінен знізіцца і экспарт прадукцыі беларускага машынабудавання. Па словах Снапкова, гэты экспарт ужо і так дасягнуў ніжняй адзнакі.

Чыноўнік дадаў, што адзін з галоўных фактараў, які ўплывае на сітуацыю ў Расіі, — кошт на нафту. "Калі кошт на нафту будзе не ніжэй за 80 долараў за барэль, такі ўзровень для Расіі і для нашай эканомікі будзе цалкам камфортным", — зазначыў міністр эканомікі.

Снапкоў зазначыў, што зніжэнне коштаў на нафту на 1 долар азначае для Беларусі змяншэнне на 20 мільёнаў долараў сальда ў гандлі нафтай і нафтапрадуктамі за год.

Фота — ИТАР-ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі