Мікалай Лазавік: Я думаў, што такіх, як Канстанцін Жукоўскі, няма

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік у інтэрвію Еўрарадыё паведаміў, што Канстанцін Жукоўскі — адзіны кандыдат, вымушаны вярнуць грошы за выбарчую кампанію. Нагадаем, што Буда-Кашалёўская акруговая камісія падала ў суд на Жукоўскага, патрабуючы вярнуць 1 мільён 700 тысяч рублёў, выдаткаваных на агітацыйнуую кампанію. Лазавік: Ён выкарыстаў сродкі для выдання сваёй перадвыбарчай друкаванай прадукцыі, але потым зняўся без паважных прычынаў. Значыць, у камісіі ёсць права запатрабаваць грошы, каб ён вярнуў іх у бюджэт.

Па словах М.Лазавіка, нават для яго выпадак Жукоўскага стаўся нечаканасцю. Бо астатнія кандыдаты, якія зняліся з выбарчай кампаніі, грошы на агітацыю папросту не бралі.

Лазавік: Я шчыра кажучы, думаў, што наагул такіх няма. Бо нават тыя прадстаўнікі апазіцыі, якія зняліся ўжо падчас самой агітацыйнай кампаніі, зрабілі вельмі разумна: яны агітацыйную кампанію вялі, а грошы на выраб друкаванай прадукцыі не выкарыстоўвалі.

Таму, па словах сакратара Цэнтрвыбаркаму, астатнім кандыдатам судовы пераслед за скарыстаныя на выбарчую кампанію грошы не пагражае. Нагадаем, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына налічыла 22 кандыдаты, якія зняліся з выбараў.

Сярод гэтых 22-х быў і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян. Ён ніякіх грошай вяртаць не будзе, бо не браў. Дый кандыдатам у дэпутаты быў вельмі нядоўга.

Касцян: Я ніякіх грошай ні ў кога не браў. Пагэтаму і праблем у мяне з грашыма не было. Я зняўся... У той дзень мяне зарэгістравалі, а праз дзве гадзіны я падаў заяву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі