Мельянцоў: Сарказі едзе ў Пекін, каб вярнуць Францыі ролю сусветнага гульца

Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі прыедзе ў Пекін на афіцыйнае адкрыццё Алімпійскіх гульняў. Раней Елісейскі палац даваў зразумець, што Сарказі можа не паехаць у знак пратэсту супраць палітыкі Кітая ў Тыбеце. Малады беларускі аналітык Дзяніс Мельянцоў лічыць, што ў Францыі ёсць комплекс вялікай дзяржавы, з якім яна спрабуе дамінаваць не толькі ў еўрапейскай супольнасці, але і вярнуць сабе статус на сусветнай арэне. Таму яе прэзідэнт не можа прапусціць Алімпіяду. Нікаля Сарказі заявіў, што сваё рашэнне паехаць узгадняў з лідэрамі Еўрасаюза. Паколькі ад 1 ліпеня Францыя старшынствуе ў еўрасупольнасці, атрымліваецца, што на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды 8 жніўня Сарказі будзе прадстаўляць і Еўрасаюз.

Многія праваабаронцы заклікалі сусветных лідэраў байкаватаць цырымонію адкрыцця гульняў. Гэтак, “Рэпарцёры без межаў” (офіс арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы) заявілі, што паездка Сарказі ў Пекін стане “кпінаю з абавязкаў прэзідэнта перад народам Францыі”. Раней Сарказі заклікаў кітайскія ўлады пачаць перамовы з Далай-Ламам і вызваліць палітвязняў. У цяперашняй заяве пра паездку ў Пекін Елісейскі Палац не заікаецца ані пра Далай-Ламу, ані пра Тыбет. Чаму прэзідэнт Францыі прыжмурыў вочы на рэпрэсіі ў Тыбеце і вырашыў паехаць у Кітай? Па адказы “Еўрарадыё” звярнулася да аналітыка Дзяніса Мельянцова (Беларускі Інстытут стратэгічных даследаванняў).

Мельянцоў: "Нікаля Сарказі вырашыў пакарыстацца магчымасцю прадстаўляць у Пекіне Еўрасаюз, але ні міжнародная супольнасць, ні сам Кітай не мае ілюзіяў, быццам гэта афіцыйная пазіцыя Еўрасаюза. Не было такой рэзалюцыі. У Францыі захоўваецца пэўны сантымент як да афрыканскіх краінаў (сваіх колішніх калоніяў), гэтак і да краінаў азіяцкіх. У Францыі ёсць таксама комплекс вялікай дзяржавы, з якім яна спрабуе дамінаваць не толькі ў еўрапейскай супольнасці, але і вярнуць сабе статус на сусветнай арэне. Таму яна спрабуе быць уцягнутай у міжнародныя працэсы.

Сп. Мельянцоў не лічыць, што Алімпіяда ператвараецца са спартовага шоў ў палітычнае.

Мельянцоў: "Паколькі гэта важная міжнародная падзея, у якую ўцягнутыя большасць краінаў свету, ясна, што яна будзе палітызавацца. Тут варта прыгадаць алімпіяду-80 у Маскве або г.зв. “гітлераўскую” Алімпіяду. Яны таксама сутыкнуліся з байкатаваннем. Алімпіяда – значны сродак піяру ў міжнародных адносінах, і палітычны аспект у ёй быў, ёсць і будзе.

На адкрыццё Гульняў у Пекін прыедзе таксама прэзідэнт ЗША Джордж Буш. Аднак канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэм’ер-міністр Канады Стывэн Харпер на цырымоніі не з’явяцца.

Не будзе браць удзелу ў адкрыцці Гульняў прэм’ер-міністр Брытаніі Гордан Браўн, але возьме ўдзел у закрыцці. Не будзе на адкрыцці Алімпіяды генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі