Масква папярэдзіла Мінск, што можа абмежаваць пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі

Масква папярэдзіла Мінск, што можа абмежаваць пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі

Расія папярэдзіла Беларусь, што можа часова абмежаваць пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі. Прычына — недастатковы кантроль за яе якасцю з боку прадстаўнікоў ветэрынарных служб асобных абласцей нашай краіны.

У заяве "Рассельгаснагляда" адзначаецца, што за 8 месяцаў 2016 года з-за выяўленых парушэнняў з беларуска-расійскай мяжы было вернута больш за 200 партый малочнай і мясной прадукцыі. Прэтэнзіі расіяне маюць найперш да прадпрыемстваў з Мінскай, Гомельскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей. Найбольш парушэнняў выявілі ў Мінскай вобласці — 60, "засвяціліся" 33 прадпрыемствы.

Адзначаецца, што гэтыя факты сведчаць пра "сістэмныя недапрацоўкі структурных падраздзяленняў абласных ветэрынарных служб Рэспублікі Беларусь", а таксама пра "адсутнасць кантроля з боку галоўных дзяржаўных ветэрынарных інспектараў" згаданых абласцей, ды пра практыку адгрузак у Расію прадукцыі без здзяйснення фізічнага кантроля ветэрынарным лекарам. "Рассельгаснагляд" так і не дачакаўся ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі поўнай інфармацыі пра прынятыя захады ў адносінах вернутай з мяжы прадукцыі.

У Маскве лічаць, што структурныя падраздзяленні абласных ветэрынарных служб Беларусі "наўмысна хаваюць" інфармацыю не толькі ад "Рассельгаснагляду", але і ад Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі