Марзалюк хоча за "няправільнае" выкладанне гісторыі ўносіць у спіс экстрэмістаў

Марзалюк хоча за "няправільнае" выкладанне гісторыі ўносіць у спіс экстрэмістаў

Педагогаў, якія "скажаюць праўду" пра вайну, трэба ўносіць у спіс экстрэмістаў. Такую прапанову агучыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

"Калі прафесар альбо любы іншы выкладчык гісторыі ў ВНУ або сярэдняй спецыяльнай установе дазваляе сабе шпігаваць на ўроку альбо на лекцыі ілжывым сурагатным матэрыялам студэнтаў або вучняў, ён павінен атрымліваць забарону на прафесію і ўносіцца ў спіс людзей, схільных да экстрэмісцкіх дзеянняў", — перадае БЕЛТА ягоныя словы.

Марзалюк лічыць, што трэба прыняць закон, які будзе тлумачыць, як выкладаць гісторыю Другой сусветнай вайны. Пры гэтым ён спаслаўся на прыклад іншых краін: "Гэта павінна быць рэгламентавана на ўзроўні заканадаўчага акту. У Польшчы, дапусцім, выразна прапісаны алгарытм, як інтэрпрэтаваць Варшаўскае паўстанне. Там маса мемарыяльных законаў, якія прапісваюць, як перадаваць тыя ці іншыя сюжэты ў польскай гісторыі. Тое ж самае адбываецца ў Германіі, Злучаных Штатах. Калі мы сябе паважаем, мы не дазваляем хлусіць пра сябе".

Апошні год беларускія ўлады вядуць упартую барацьбу з нацыянальнай сімволікай. Яны спрабуюць абвясціць бел-чырвона-белы сцяг, герб "Пагоня" і лозунг "Жыве Беларусь!" — нацысцкімі, хаця ўсе гэтыя сімвалы ўзніклі задоўга да нацызму. Прычына такога ачарнення ў тым, што антылукашэнкаўскія пратэсты адбываюцца пад нацыянальнай сімволікай.

Акрамя таго, дзень нападу СССР на Польшчу ў 1939 годзе цяперашнія ўлады абвясцілі дзяржаўным святам: 17 верасня цяпер называецца Днём народнага адзінства. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі