Вы тут

Маравецкі: у Беларусі — 10 тысяч чалавек з Блізкага Усходу для "гібрыднай вайны"

Матэвуш Маравецкі / Reuters

У Беларусі знаходзяцца 10 тысяч чалавек, перавезеных з краін Блізкага Усходу, якіх плануецца выкарыстаць для "гібрыднай вайны" і правакацыяў. Гэта пераважна грамадзяне Ірака і Сірыі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі пасля польска-літоўскіх міжурадавых кансультацый, піша "Dziennik. Gazeta prawna".

Маравецкі паведаміў, што Польшча і Літва ўзгадняюць дзеянні на мяжы з Беларуссю. Па яго словах, польскія памежнікі дапамагаюць літоўскаму боку. 

Ён дадаў, што Польшча вядзе перамовы пра дадатковае ўзмацненне абароны на мяжы — "з будаўніцтвам ахоўных агароджаў ад несанкцыянаванага ўезду на нашу тэрыторыю". Па словах Маравецкага, за невялікай групай нелегальных мігрантаў могуць увайсці тысячы і дзясяткі тысяч. 

"Я перакананы, што мы павінны не толькі даць гэтаму адпор, але і паказаць, што мы разлічваем на доўгатэрміновы крызіс на гэтай мяжы, адсюль вельмі сур'ёзны падыход, які мы прадэманстравалі, абвясціўшы надзвычайнае становішча", — дадаў ён.

Апошнія месяцы з тэрыторыі Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу ідзе вялікая плынь нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу. Палітыкі ЕС расцанілі гэта як гібрыдную вайну з боку афіцыйнага Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.