Манаеў: За 20 гадоў Беларусь як дзяржаўны і нацыянальны праект не адбылася

Еўрарадыё: Чаму патрэба абмеркаваць магчымую будучыню Беларусі ўзнікла менавіта зараз? Чаму не год таму ці — не праз год?

Алег Манаеў: Тут ёсць пэўныя сімвалічныя супадзенні. Тое ж 20-годдзе НІСЭПД, якое фармальна стала нагодай для канферэнцыі, было ў лютым. А за два месяцы да гэтага была непараўнальна больш значная падзея — 20-годдзе незалежнасці Беларусі! 20 гадоў, калі праводзіць аналогію з жыццём чалавека, то гэта ўжо пэўнае станаўленне. 20 гадоў таму — і да Лукашэнкі, і пры ім — шмат якія рэчы былі слаба акрэсленымі: куды пайсці, як ісці. А зараз ужо больш-менш зразумела, што ў нас за краіна, дзе мы знаходзімся. Калі працягваць аналогіяю з чалавекам, то ён у 20 гадоў пачынае сур’ёзна думаць: кем быць, як жыць, куды далей ісці. Наша краіна дасягнула той жа мяжы, і мы вырашылі падумаць над тымі ж пытаннямі, але ў дачыненні да цэлай краіны. 

Еўрарадыё: Шчыра прызнацца, але я, праслухаўшы выступы ўсіх экспертаў і навукоўцаў, так і не зразумеў, ці ўбачылі яны, паводле якіх дакладна сцэнарыяў будзе развівацца Беларусь. Можа вы падкажыце — знайшлі ў выніку найлепшы сцэнарый?

Алег Манаеў: Асабіста мне сталі больш зразумелымі карціны таго, што можа быць з краінай пры тых ці іншых умовах. Пад умовамі я маю на ўвазе не пацяпленне ці пахаладанне клімату, у тым ліку і палітычнага, не таго, што нехта будзе рабіць у Брусэлі ці Мінску — а пры ўдзеле самых розных зацікаўленых бакоў, у тым ліку і нас. Пасля ўсіх гэтых абмеркаванняў стала зразумела, што, да прыкладу, мы — навукоўцы, аналітыкі, эксперты — можам зрабіць для гэтага, якім можа быць наш унёсак, хто павінен быць адрасатам нашых высілкаў. Безумоўна, сказаць, што мне ў выніку адкрылася будучыня, я не магу. Але стала больш зразумелым, якія магчымыя варыянты гэтай будучыні.

Еўрарадыё: І ўсё ж: варыянты будучыні, што вам адкрыліся, — яны больш у пазітыўных ці негатыўных адценнях?

Алег Манаеў: Таксама не магу адказаць проста. Адна з самых галоўных высноў, плюс-мінус кіламетр, у ацэнцы будучыні Беларусі — у тым, што гэта краіна, гэта дзяржава, гэта нацыя складаецца з розных элементаў, часам супярэчлівых, і гэтыя элементы знаходзяцца не ў стане вайны, але ў стане напружанасці. Паміж рознымі часткамі беларускага грамадства. Кажам мы пра погляды людзей, пачуцці ці пра нейкія інстытуты і структуры, якія існуюць у грамадстве. Карацей, каб не пудрыць мазгі вашым слухачам, скажу простую рэч: адным з галоўных тэзісаў гэтага двухдзённага абмеркавання быў той, што Беларусь як дзяржаўны і нацыянальны праект яшчэ не адбылася. Таму што не адбыўся выбар: ні на ўзроўні нацыянальнай ідэнтычнасці — хто мы, ні на ўзроўні геапалітычнага выбару цягам, да прыкладу, 10 гадоў — бліжэй да Еўропы мы будзем, Расіі ці Кітая. Гэты выбар яшчэ не завершаны. 

Еўрарадыё: Па вялікім рахунку, яшчэ і сёння ўсе нацыі знаходзяцца ў стане развіцця...

Алег Манаеў: Я магу просты прыклад прывесці. Заедзьце на тэрыторыю Расіі і спытайце ў першага ж расіяніна: “Куды вам хочацца, каб Расія ішла: у Еўропу ці..?” І тут — ці куды? Для расіяніна зразумела, што яны ў Расіі, і яны тут могуць быць крыху бліжэй да Еўропы ці Кітая. Паедзьце ў іншы бок і спытайце тое ж паляка. Ён скажа: “Што за пытанне: мы — частка Еўропы!” А спытайце беларуса: “Хто ты, каму ты бліжэй па культуры — расіяніну ці еўрапейцу? Дзе ты бачыш у будучыні нашу краіну — з Расіяй ці з Еўрасаюзам?” Пачнуцца альбо развагі — з аднаго боку так, а з другога гэтак, альбо скажуць, што мы бліжэй да Расіі, альбо — што бліжэй да Еўропы. У прынцыпе, двух чалавек з рознымі меркаваннямі вы знойдзеце ў любой краіне, але ў нашым выпадку, і гэта пацвярджаюць усе сацыялагічныя даследаванні, гаворка ідзе пра мільёны людзей, у якіх розныя погляды, розная сістэма каштоўнасцяў, розныя інтарэсы. І з пункту гледжання палітыкі ўнутранай, і эканомікі, і нават рэлігіі, і геапалітычнага выбару. І гэта ўсё суіснуе. І ў гэтым наша ўнікальнасць.

Еўрарадыё: Не назваў бы гэтую ўнікальную нявызначанасць нечым станоўчым...

Алег Манаеў: Згодны. З пункта гледжання нявызначанасці: хто мы такія, чаго мы хочам, куды мы ідзём, дзе мы бачым сваю будучыню — у гэтым мы прайграем практычна ўсім нашым суседзям. З другога боку: калі браць поўную акрэсленасць выбару, які зрабілі, да прыкладу, літоўцы ці расіяне, лёгка ўявіць, што з імі далей будзе. Плюс нявызначанасці Беларусі ў тым, што гэта спараджае магчымасці абсалютна розных будучыняў. Гэта адна з галоўных высноў канферэнцыі. Мы казалі, што пры пэўным збегу абставінаў, пры пэўным раскладзе ўнутры краіны і звонку можа быць такі варыянт, што праз столькі-то гадоў Беларусь будзе вось там. І ўнутраная структура яе будзе вось такая. Пры іншым раскладзе будзе зусім іншы выбар. І ў гэтым наша ўнікальнасць — цяжка знайсці ва ўсім свеце другую такую ж краіну, якая і праз 20 гадоў незалежнасці знаходзіцца ў стане выбару: хто мы, што мы, на якой мове размаўляць? Гэта сур’ёзная выснова.

Еўрарадыё: Можа, прычына гэтай нявызначанасці не ў людзях, а ў нашым кіраўніцтве, якое кідаецца то ў бок Расіі, то ў бок Еўропы? І так практычна ва ўсім.

Алег Манаеў: Маеце рацыю. Але калі б зараз з намі сядзеў Аляксандр Рыгоравіч, ён бы дакладна сказаў бы: “Хлопцы, ну што вы мяне душыце! Калі я прымаю рашэнні па любым пытанні, то я чытаю вашы артыкулы, вашы матэрыялы, даклады службы бяспекі і бачу, што сярод 9,5 мільёнаў беларусаў ёсць вялізныя групы людзей розных поглядаў. І таму, да прыкладу, у нас два рэлігійныя святы Раства — і каталіцкае, і праваслаўнае. Дзе яшчэ такое ёсць? І так ва ўсім”. Таму словы пра тое, што кіраўніцтва кідаецца то туды, то сюды, а мы за ім, выглядаюць праўдзівымі. Але, з іншага боку, усё наадварот: для такіх паводзінаў ёсць аб’ектыўныя прычыны. І не выключана, што пры іншым кіраўніку, іншай лініі дзяржаўнай больш-менш пэўны выбар, акуратны, паступовы быў бы даўно ўжо зроблены. Хай не адразу ў 1994 годзе, але да канца першай кадэнцыі гэта можна было б зрабіць. Калі б да канца 1990-х гадоў быў зроблены дакладны выбар унутрыпалітычны, унутрыэканамічны: дакладна рынкавая эканоміка, прававая дзяржава, дэмакратычная палітычная сістэма — то за 12-15 гадоў знялася б сістэма падручнікаў, іншага і мы б ужо і ментальна, і структурна, і з пункту гледжання законаў былі б бліжэй да Еўропы. Калі б дакладны выбар быў зроблены ў гэтым накірунку. А паколькі кіраўніцтва ловіць кан’юнктурныя і асабістыя моманты то на Захадзе, то на Усходзе, то сітуацыя выбару і самаідэнтыфікацыі народа зацягнулася. Але не трэба ўсё спіхваць толькі на аднаго чалавека. 

Еўрарадыё: Як вы лічыце, а ці патрэбныя беларусам, ды і ўсёй нашай краіне, розныя незалежныя сацыялагічныя, эканамічныя ды палітычныя даследаванні?

Алег Манаеў: Так. І апытанні пацвярджаюць, што сёння ўзровень даверу, а гэта нават важней за патрэбу, да дадзеных незалежных даследаванняў і апытанняў грамадскага меркавання ў Беларусі значна вышэй, чым гэта было 10-15 гадоў таму. Нам давяраюць каля 40% насельніцтва — а гэта каля 3 мільёнаў чалавек! Гэта наша найвялікшая заслуга: што мы працуем аб’ектыўна і не толькі для сябе, гэтыя даследаванні пачалі людзі ўспрымаць амаль як прагнозы надвор’я. Як тое, што павінна быць — якой бы галіны гэтыя даследаванні ні тычыліся. Але ж чаго нам гэта каштавала — гэтае данясенне вынікаў нашай працы да публікі. На тэлебачанне ў нас доступу няма, у парламент нас не клічуць, ва ўрад таксама. Але мы за 20 гадоў стварылі цэлую сістэму данясення гэтых звестак да людзей! І калі ўявіць сабе, што раптам усе незалежныя даследчыкі знікнуць, тое ж тычыцца і незалежных СМІ, і палітычных партый, якімі б яны ні былі, я думаю, што народ гэта заўважыць. І, нягледзячы на розныя сцэнарыі развіцця нашай краіны, у яе будучыні нам месца ёсць. 

Еўрарадыё: Сорак адсоткаў людзей, якія вам давяраюць, — гэта шмат. Магчыма, таму вы зараз вымушаныя працаваць у Вільні, а не ў Мінску. Ёсць праблемы і ў іншых вашых калег...

Алег Манаеў: Навука заўсёды шмат трывала. Шмат прыкладаў, калі самі людзі рэагавалі на працу навукоўцаў не так, як хацелася б. Але часцей — улады. І ў гэтым сэнсе Беларусь не ўнікальная краіна. Асабістых, сямейных, прафесійных складанасцяў мне і маім калегам такая сітуацыя дадае. Але мы ўсё адно стараемся гэта рабіць. Проста я разумею, што мы патрэбны нашаму грамадству, нашым людзям — мы дапамагаем ім лепш зразумець сябе, сваё мінулае, сённяшні дзень і, у тым ліку, лепш вызначыцца са сваёй будучыняй.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі