Макрон запрасіў Лукашэнку ў Парыж

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў Парыж на ўрачыстасці, прысвечаныя адзначэнню 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Пра гэта паведамляе тэлеканал "Белсат" са спасылкай на дэпутата нацыянальнай асамблеі Францыі, прэзідэнта групы французска-беларускага сяброўства Крыстофа Лежэна. Лукашэнка свой удзел пакуль не пацвердзіў. А калі пагодзіцца, то 11 лістапада на міжнароднай мемарыяльнай цырымоніі каля Трыўмфальнай аркі ён будзе ў кампаніі больш за 120 высокіх замежных гасцей, патрапіць на сняданак у Елісейскі палац.

Прэс-сакратар беларускага кіраўніка Наталля Эйсмант пацвердзіла tut.by, што запрашэнне з Францыі сапраўды паступіла. Але "пытанне прапрацоўваецца з улікам графіка кіраўніка дзяржавы", — адзначыла Эйсмант.

Як інфармавала Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка бачыўся з прэзідэнтам Францыі ў нефармальнай абстаноўцы пасля фінальнага матча футбольнага чэмпіянату свету ў Маскве на стадыёне "Лужнікі".

Фота: pixabay.com