Вы тут

Макею з Масквы патэлефанаваў Лаўроў, гаварылі пра каранавірус і не толькі

Сяргей Лаўроў і Уладзімір Макей / mid.ru

27 траўня адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Расіі Сяргея Лаўрова. У Мінску падкрэсліваюць, што гэта была ініцыятыва расійскага боку. Прэс-служба МЗС нашай краіны паведамляе пра абмен меркаваннямі "па праблематыцы аказання ўзаемнай падтрымкі ў вяртанні грамадзян двух краін на радзіму ва ўмовах пандэміі новай каранавіруснай інфекцыі". Таксама Макей і Лаўроў гаварылі пра "актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва" ды пра "графік двухбаковых кантактаў", закранулі тэму ўзаемадзеяння ў сферы рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

Прэс-служба МЗС Расіі дадае больш падрабязнасцяў размовы. Напрыклад, пра тое, што міністры далі пазітыўную ацэнку "двухбаковаму супрацоўніцтву па супрацьдзеянні распаўсюду каранавіруснай інфекцыі і пераадоленні яе наступстваў". Згадваюцца пытанні падрыхтоўкі сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі. Таксама Макей і Лаўроў "разгледзелі магчымыя наступствы выхаду ЗША з Дамовы па адкрытым небе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.