Макей у Брусэлі: Мы зацікаўленыя ўдзелам ва “Усходнім партнёрстве”

Напрыканцы сустрэчы ў Брусэлі журналісты спыталі ва Уладзіміра Макея, ці прыедзе ён на саміт "Усходняга партнёрства" у Вільню. Макей адказаў, што пакуль не ведае: “Я не ведаю, Еўрасаюз мусіць вырашыць. На сустрэчы з міністрамі мы размаўлялі пра Саміт у Вільні, размаўлялі пра Дэкларацыю, якая будзе прымацца, зрабілі некалькі прапановаў па яе тэксце. Перадусім мы лічым, што стаўленне да ўсіх партнёраў мусіць быць аднолькавым, без дыскрымінацыі. Мы выказалі нашую зацікаўленасць супрацоўніцтвам ва ўсіх сферах “Усходняга партнёрства”. Мы лічым, што канкрэтная праектная актыўнасць мусіць складаць асноўную частку Віленскай дэкларацыі. Мы мусім прыняць канкрэтны спіс праектаў падчас Саміта, гэта дапаможа палепшыць выгляд ініцыятывы “Усходняга партнёрства” як у краінах-сябрах ЕС, гэтак і ў краінах “Усходняга партнёрства”. Мне падаецца, нам трэба звяртаць больш увагі на бізнэс-накірунак. Такімі былі нашыя прапановы”.

А вось ад адказу пра ўзняцце тэмы палітвязняў падчас сустрэчаў у сталіцы Бельгіі Уладзімір Макей дыпламатычна сышоў: “Мы абмеркавалі ўсе пытанні, якія, скажам так, былі ў планах нашага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам”.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус такім чынам апісаў свае ўражанні ад сустрэчы з Уладзімірам Макеем: "Выступаў беларускі міністр замежных спраў. Вядома, заўсёды ёсць поле для крытыкі, але ў параўнанні з папярэднімі заявамі і прэзентацыямі я заўважыў пэўны канструктыўны падыход і жаданне размаўляць, супрацоўнічаць, пераймаць досвед у дэмакратызацыі сістэмы. Таксама ёсць разуменне важнасці бізнэс-форума, які мае адбыцца ў межах Саміта "Усходняга партнёрства". Вядома, поле для ўдасканальвання вельмі вялікае, але я бачу канструктыўныя зрухі".

Нагадаем, што аб запрашэнні міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея на сустрэчу ў Брусэлі стала вядома на мінулым тыдні.

"Гэты візіт адбудзецца па запрашэнні высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісара па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфана Фюле", - растлумачылі ў знешнепалітычным ведамстве Беларусі.

У праграме брусэльскага форума абмен думкамі аб стане і перспектывах супрацоўніцтва ў рамках "Усходняга партнёрства", а таксама пытанні падрыхтоўкі да трэцяга саміту, які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада.

Уладзімір Макей запланаваў сустрэчы з кіраўніцтвам еўраструктур, кіраўнікамі дэлегацый шэрага краін-членаў ЕС і дзяржаў-партнёраў.

Нагадаем таксама, што магчымасць наведваць краіны ЕС кіраўнік беларускага МЗС атрымаў толькі месяц таму. Да гэтага ён знаходзіўся ў так званым “чорным спісе” беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краін Еўрасаюза.

Фота: tvnewsroom.consilium.europa.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі