Людзі, якія хаваліся ў бамбасховішчы ў будынку Марыупальскага драмтэатра, выжылі, паведамляе агенцтва УНІАН са спасылкай на дэпутата Сяргея Таруту.
Паводле яго слоў, бамбасховішча пад драматычным тэатрам у Марыупалі вытрымала, людзі жывыя. Цяпер ідзе разбор завалаў.
Напярэдадні будынак Марыупальскага драмтэатра быў знішчаны. Украінскі МЗС паведамляў, што расійскія войскі скінулі на будынак магутную бомбу. У гэтым будынку хаваліся людзі — каля тысячы мірных грамадзян. Агенцтва Reuters апублікавала спадарожнікавыя здымкі, якія зрабіла прыватная амерыканская кампанія Moxa Technologies. На іх відаць, што каля тэатра на зямлі з двух бакоў па-руску вялікімі літарамі напісанае слова "Дзеці".