Любоў жыве на 30 тыс. у месяц, пакуль яе дзевяцярых дзяцей выхоўвае дзяржава

Жыхарка вёскі Залужжа Драгічынскага раёна Любоў Піліпчук аддае 70% сваёй зарплаты на ўтрыманне ў інтэрнатах сваіх дзевяцярых дзяцей. Аднак сродкаў, якія дзяржаве выплочваюць нядбайныя бацькі, усё адно не хапае для поўнай кампенсацыі выдаткаў. Нягледзячы на гэта, працэнт спагнаных сродкаў з усіх бацькоў-даўжнікоў за год павялічыўся з 12 да 39,9 %. У Любові Піліпчук 13 дзяцей. 9 з іх выхоўваюцца ў двух розных інтэрнатах. Некалькі год таму жанчыне выдзелілі калгасны дом. Далі ёй і карову, каб толькі дзяцей гадавала. Аднак яна не тое, што дзяцей, нават карову дагледзець не змагла. Апошняе дзіця нарадзіла ў 2002-м і да 2005-га атрымлівала дапамогу. Аднак грошы ішлі не па прызначэнні. Гаворыць бухгалтарка Драгічынскага райаграсэрвісу Рэгіна Гедроўна:

“Гэта было, можа, у 2005 годзе. Яна афармляла дапамогу. І з сельсавету пастаянна тэлефанавалі, прасілі не аддаваць ёй гэтую дапамогу. Прасілі, каб прыехаў старшыня сельсавету і жанчына атрымала дапамогу ў яго прысутнасці. Каб накіраваць грошы на дзяцей. Таму што яна дапамогу расходавала не па прызначэнні. Яна кажа: “Чаго яны да мяне чапляюцца?” Я пытаюся: “А чаго яны да вас чапляюцца?” “А я на таксоўцы езджу. Што я не маю права?” Не пытанне, вядома, маеце права”.

У лютым 2007 года Любоў Піліпчук прымусова накіравалі на працу ў райаграсэрвіс, каб павысіць заробак. Аднак таго, што застаецца ад заробку (а гэта 30 тысячаў) ледзь хапае на жыццё. Гаворыць бухгалтарка Таісія Дзядзешка:

“За студзень яна зарабіла 100730 рублёў. Па пяці выканаўчых я ўтрымала 70 тысяч. Летась, можа, толькі адзін месяц яна адпрацавала столькі дзён, колькі трэба па норме. Усе астатнія – на некалькі дзён менш”.

Супрацоўніца Мінюсту Ларыса Мяльгуй паведаміла Еўрарадыё, што калі заробку не хапае, чалавеку будзе прапанаваная іншая, больш высокааплатная праца:

“Калі заробку гэтай абавязанай асобы не хапае, каб плаціць сродкі на ўтрыманне і, натуральна, каб жыць яму яшчэ заставалася, значыць, яму будзе прапанаваная іншая праца, больш высокааплатная”

Аднак што ж рабіць, калі Любоў Піліпчук павінна была б штомесяц аддаваць на выхаванне дзяцей паўтара мільёна рублёў? Сёння яе запазычанасць складае 36 мільёнаў рублёў. Гаворыць Таісія Дзядзешка:

“У краме можна крэдыт браць. Дык вось яна набрала на паўтара мільёна прадуктаў. І зараз прадавачка кампенсуе сама. Таму што з яе няма чаго ўтрымліваць”.

У Мінскім гарадскім цэнтры занятасці Еўрарадыё запэўнілі, што усім абавязаным дастойная праца знойдзецца:

Цэнтр занятасці: “Да нас у студзені з гэтай катэгорыі звярнуліся 53 чалавекі. З іх мы працаўладкавалі 51. А 2 – самастойна. Зараз на 1 лютага на ўліку стаялі 44 чалавекі. Пералік прадпрыемстваў пакуль не зацверджаны. Было ў ім больш за 300 прадпрыемстваў. Зараз будзе, можа, больш за 500”.

Мінскі аўтамабільны завод раней быў у спісе прадпрыемстваў. На працу туды ўзялі 46 абавязаных бацькоў. Цяпер МАЗ са спісу выключылі. Аднак звольніць нядбайных бацькоў там не маюць права. Гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення кадраў МАЗа Віктар Елізаранка:

“У нас была квота летась – 15 чалавек. І акрамя гэтага ёсць такі пералік прадпрыемстваў для прыняцця гэтых абавязаных асобаў. У гэтым пераліку не ўказваецца, колькі чалавек мы павінны прыняць. Сёлета Мінскі аўтамабільны завод ужо не патрапіў у гэты пералік. Таму толькі паводле квоты 15 чалавек у год мы павінны прыняць”.

Сярэдні заробак на МАЗе – каля мільёна беларускіх рублёў. Таму, у прынцыпе, пры жаданні нядбайныя бацькі рэальна могуць зарабіць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей. Вядома ж, калі дзяцей менш за дзесятак.

Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі