Вы тут

Лукашэнка ў Оршы: У міністра прамысловасці выбар — або ў турму, або сюды

Фота: БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў працу мясцовых органаў улады і кіраўніцтва прамысловай галіны. Гэта адбылося падчас паездкі кіраўніка дзяржавы на Аршанскі інструментальны завод. 

Як перадае прэс-служба беларускага кіраўніка, ён звярнуў увагу, што нават парадак на тэрыторыі завода не ўзмаглі навесці належным чынам. 

"Не любіце вы людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуха, зрабіце бардзюр, але навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ. За вашу бесталковасць і бязладдзе", — заявіў Лукашэнка.

Самім інструментальным заводам Лукашэнка таксама быў незадаволены.

"Хутчэй за ўсё, міністра (міністр прамысловасці Віталь Воўк) сюды накірую да цябе працаваць. У яго выбар адзін: або турма, або сюды, — публічна пра гэта кажу. Пакуль "двойка з мінусам" і да цябе прэтэнзіяў мора", паведаміў ён дырэктару завода Уладзіславу Бардзюкову. 

Ён звярнуў увагу, што цяперашні дырэктар — малады кіраўнік. Лукашэнка паабяцаў вярнуцца на прадпрыемства перад Новым годам і праверыць: "Крый божа, я перад Новым годам прыеду, і маё вока ўчэпіцца дзесьці за нешта. Ты ведаеш, што будзе".