Лукашэнка расказаў рабочым пра сакрэт даўгалецця (відэа)

15 траўня Аляксандр Лукашэнка наведаў Мінскі трактарны завод. Падчас размовы з рабочымі кіраўнік дзяржавы падзяліўся сакрэтам даўгалецця.

"Тое, што я еў у вёсцы і ў сваім жыцці, тым я харчуюся і цяпер, — расказвае Лукашэнка. — І толькі беларускім! Толькі! Калі я сустрэўся некалькі разоў з лекарамі сусветнага ўзроўню, якія мне, як прэзідэнту, сказалі: калі вы хочаце доўга пражыць, а) дыхайце свежым паветрам, б) гэта вада. Вось мы з кітайскім кіраўніком, маім сябрам, прэзідэнтам доўга абмяркоўвалі гэтую праблему... Крыніца — гэта самае лепшае для нас. Наша сала, наш хлеб, усё наша, што мы вырабляем".

Лукашэнка таксама распавёў рабочым, што ў рэзідэнцыі Дразды ён "засвоіў гектараў 10 зямлі, якая была закінутая". Там ён садзіць бульбу, капусту. Восенню прыязджае на матацыкле, зразае качан і есць "проста на вуліцы, як гэта было калісьці ў вёсцы".

"Гэта трэба нам, гэтае харчаванне, а не пакутаваць, што няма вэнджанай каўбасы, — працягвае кіраўнік дзяржавы. — Вось гэта самае шкоднае. Лепш сала і мяса, натуральнае. Яшчэ адзін складнік [сакрэта даўгалецця] — гэта фізічныя нагрузкі. Калі я еду ў камандзіроўку — лыжы — у багажнік. Пасля гэтай статычнай нагрузкі (Лукашэнка паказаў на цэх МТЗ — Еўрарадыё) вам трэба абавязкова парухацца, ну хаця б гадзіну. Хаця б гадзіну на дзень. Не — піва (Лукашэнка паказвае характэрны жэст — Еўрарадыё) і — на канапу. Газету ў рукі, 9:0 прайгралі [хакеісты], сэрца парэзалі, душу парэзалі. І дзень згублены. І яшчэ настрой сапсавалі на цэлы месяц. Ад гэтага трэба сыходзіць".

На відэа гэты момант гл. ад 17.30.

Рэцэпты сыру і дранікаў ад Аляксандра Лукашэнкі (відэа)

Відэа: СТБ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі