Лукашэнка незадаволены тэмпамі інтэграцыі

Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па інтэграцыі з Расіяй / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па інтэграцыі з Расіяй / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка не гатовы гаварыць пра новыя інтэграцыйныя дакумэнты, пакуль не будуць выкананыя ўжо падпісаныя. Прычым выкананыя яны павінны быць "у поўным аб'ёме". Пра гэта Лукашэнка заявіў падчас нарады са сваімі чыноўнікамі ў пытаннях інтэграцыі.

Нагадаем, год таму кіраўнікі Беларусі і Расіі падпісалі пакет з 28 саюзных праграм. У іх, а таксама ў ведамасных планах змяшчаецца каля тысячы мерапрыемстваў, вызначаныя канкрэтныя тэрміны і адказныя асобы. Аднак на дадзены момант выканалі каля 70% такіх мерапрыемстваў.

"Частка важных для нас ідзе з адставаннем ад узгодненых графікаў. Як мне дакладваюць, па шэрагу пытанняў павольна рухаюцца нашы расійскія партнёры. Але я заўсёды кажу: не бывае хтосьці адзін вінаваты. Дзесьці і мы недапрацоўваем", — кажа Лукашэнка.

На пачатак 2023 года цалкам былі рэалізаваныя толькі сем праграм. Дасюль застаюцца нерэалізаванымі праграмы ў сферах сельскай гаспадаркі, транспарту, прамысловасці, энергетыкі.

Лукашэнка таксама заявіў, што гаворкі пра тое, каб Расія або Беларусь адмаўляліся ад свайго суверэнітэта, не ідзе і ісці не можа. Паводле яго, "мы яшчэ ў тым фармаце, у якім супрацоўнічаем з Расіяй, не дапрацаваліся". Ён таксама патлумачыў, навошта сабраў чыноўнікаў: "Каб вы не думалі, што за вашай спінай вырашаюцца нейкія пытанні, а вы пра іх і не ведаеце".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі