Лукашэнка не прыйшоў да мошчаў святога Лукі

Але ім пакланяліся знахаркі, чыноўнікі, дэпутаты, дэлегацыя з Адміністрацыі прэзідэнта Сёння да 7-й гадзіны раніцы вернікі ішлі да святога Лукі, чыя галава на працягу 5 дзён знаходзілася ў мінскім прыходзе іконы Божай Маці "Усіх смуткуючых Радасць". А некалькі дзесяткаў людзей нават не патрапілі да мошчаў. У першыя і апошнія суткі дзеля таго, каб падыйсці да парэшткаў апостала,трэба было адстаяць ў чарзе каля 4-6 гадзінаў. Доўгі ланцужок вернікаў цягнуўся ад царквы і ажно да станцыі метро «Спартыўная». Людзей не пужала нават дрэннае надвор'е. Дарэчы, людзі да мошчаў прыходзілі вельмі розныя. Вось як апісвае чаргу пенсіянерка Тамара Мікалаеўна, што наведала святыню двойчы:

Тамара Мікалаеўна: “Вельмі шмат моладзі – і перад намі стаялі, і за намі, і міма праходзілі. Ну і, канешне ж, састарэлыя людзі, на мыліцах. Побач з намі была жанчына з хворай нагой, з кіёчкам. Марудна рухалася, цярпліва. Але пасля яе заўважыў міліцыянт і правёў да мошчаў па-за чаргой”.

Дарэчы, усе хворыя, цяжарныя, жанчыны з дзецьмі мелі магчымасць не стаяць разам з усімі. Пра некаторых вядомых людзей, якія таксама патрапілі да святыні, не стоячы ў шэрагах, распавядае святар царквы Алег Шульгін.

Айцец Алег: "Элеанора Язерская пакланілася мошчам. Былі прадстаўнікі шматлікіх органаў улады – з міністэрстваў, з адміністрацый раёнаў, вобласці, горада."

Як даведалася Еўрарадыё, апроч таго, прыязджалі з Вярхоўнага суда, Нацыянальнага Сходу і дэлегацыя з Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак сам Аляксандр Лукашэнка (у адрозненні ад мінулага года, калі па дарозе ў аэрапорт кіраўнік дзяржавы пакланіўся мошчам Яна Хрысціцеля) сёлета не заязджаў. Затое адзначыўся амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў:

Айцец Алег: "Ён толькі нахіліўся да мошчаў, нават не пацалаваўшы. Сказаў, што не дужа ва ўсё гэта верыць, але паводзіўся прыстойна."

Лічыцца, што мошчы дапамагаюць вылечыцца толькі тым, хто шчыра верыць. Адна з прыхаджанак пасля наведвання святыні распавяла святарам і тым, хто стаяў ў чарзе, што, хварэючы на катаракту, адчула: амаль сляпое вока пачало бачыць.
А спадарыня Таццяна давяла Еўрарадыё, што да апостала прыходзілі не толькі хворыя.

Таццяна: "Я размаўляла з знахаркай з Баранавічаў. Яна вельмі верыць і лечыць людзей. Дык вось, да святога Лукі яна прыехала, каб падсілкавацца энергіяй."

Шмат хто з людзей прасіў у парэшткаў здароўя і дабрабыту. Некаторых сам прыход уражваў настолькі, што яны нават забываліся гэта зрабіць. Свае адчуванні апісвае студэнтка Наталля:

Наталля: "Я калі падышла да мошчаў, думкі адразу зніклі. Так я нічога і не папрасіла. Наогул, мне было вельмі страшна – такая святыня, вялікая колькасць людзей. Але, пастаяўшы побач з мошчамі, адчуваю, як усе дрэнныя думкі, негатыў адыйшлі. Здаецца, я неяк змянілася, вышэй стала…"

Людзі прыходзілі, адчуваючы душэўную неабходнасць, па адным і сем’ямі. Вернік Дзяніс распавядае пра свае ўражанні:

Дзяніс: "Я сюды прыйшоў адзін, але ўвечары сюды завітала і мая матуля. Ведаю, што ўчора тут была мая цётка з дочкамі. Я нават калі ў чарзе стаяў, зрабілася неяк добра, і гэтыя 4 гадзіны чаргі прамінулі незаўважна. Атрымаў тут іконку, цяпер магу і дома памаліцца."

Раздача абразкоў з выявай святога дазволіла падлічыць колькасць паломнікаў. Іх было каля 220 тысячаў. Магчыма, дзякуючы наплыву такой вялікай колькасці людзей, што прыйшлі да мошчаў, ахвяравалі сродкі, царкоўныя служкі змогуць сабраць патрэбную колькасць грошай, каб завяршыць будаўніцтва храма, які стане буйным мінскім конкафедральным саборам.

Фота: НН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі