Вы тут

Лукашэнка: не амерыканцы і не натаўцы сюды прыслалі "33 волатаў"

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады, 6 жніўня 2020-га / БЕЛТА

Па справе затрыманых у нашай краіне расіян Аляксандр Лукашэнка даручыў запрасіць генпракурораў Украіны і Расіі, паведамляе БЕЛТА. Гэта прагучала 6 жніўня на нарадзе, прысвечанай бяспецы выбарчай кампаніі. 33 грамадзяніны Расіі былі затрыманы ў Беларусі 29 ліпеня. Было заяўлена, што яны прыбылі для "дэстабілізацыі сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў". Нібыта, яны мелі сувязь з беларускай апазіцыяй. Усё гэта Масква назвала "спектаклем" і чакае вызвалення сваіх грамадзян. Аднак Лукашэнка напярэдадні правёў тэлефонную размову з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Між іншым абмяркоўвалася магчымасць экстрадыцыі ва Украіну некаторых з затрыманых, якія раней ваявалі на Данбасе супраць украінскіх войск. У Расіі гэта выклікала абурэнне.

Па версіі Лукашэнкі, генпракуроры Украіны і Расіі мусяць прыехаць для разбіральніцтва ў сітуацыі з затрыманымі "баевікамі". Гэтых расіян беларускі кіраўнік назваў "так званымі 33 волатамі". Ён адзначыў, што гэтыя людзі "правапарушэнні... здзяйснялі на тэрыторыі Беларусі" і могуць адказаць за іх па беларускіх законах. Але ён прапануе, каб генпракуроры "утрох вырашылі" праблему. "Не прыедуць — пытанне вырашым мы, без іх", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі выказаў абурэнне рэакцыяй на затрыманне расіян. "Аж ныюць, пішчаць, крычаць, што толькі не кажуць! — гаварыў ён на нарадзе. — Не трэба крычаць у тэлевізар. "Скрыня" тут не дапаможа!".

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў: "Нам не трэба спактакляў ні палітычных, ні эканамічных". Ён сказаў, што не варта палохаць Беларусь наступствамі. "Мы ведаем пра ўсе наступствы, — гаварыў беларускі кіраўнік. — Не трэба нас палохаць амерыканцамі, натаўцамі... [Не яны] сюды прыслалі 33 чалавекі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.