Лукашэнка і Парашэнка сустрэліся ў ААЭ і не знайшлі палітычных праблем

Лукашэнка і Парашэнка сустрэліся ў ААЭ і не знайшлі палітычных праблем

2 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Пятром Парашэнкам. Лідары Беларусі і Украіны сустрэліся ў Аб'яднаных арабскіх эміратах. Лукашэнка ўжо некалькі дзён гасцюе там з працоўным візітам, а Парашэнка заехаў у ААЭ пасля афіцыйнага візіта ў Саудаўскую Аравію.

"У гандлёва-эканамічных адносінах мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на ​​рознага кшталту праблемы і перашкоды, склаў больш за $3 млрд. Напэўна, недзе $3,5 млрд будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў", — сказаў падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

За студзень — жнівень 2017 года тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай склаў $2,9 млрд, і зараз сапраўды можа набліжацца да $3,5 млрд. Што праўда, не абыходзмцца і без праблемаў. Напрыклад, Украіна скардзілася, што беларусы амаль манапалізавалі асобныя сегменты рынка хімічнай прадукцыі.

"Што датычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, дык у нас увогуле праблем няма, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. — Мы абсалютна ідзем тым курсам, па якім дамовіліся ісці". 

Цікава, якімі праблемамі (калі не палітычнымі) з'яўляюцца праблемы з перасячэннем беларуска-ўкраінскай мяжы грамадзянамі Украіны, унесенымі ў расійскія "чорныя спісы", і сітуацыя з украінцам Паўлам Грыбам, які загадкава знік у Гомелі і аб'явіўся ў расійскім СІЗА.

На відэа відаць, што на сустрэчы прысутнічаў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, памочнік кіраўніка дзяржавы па нацыянальнай бяспецы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі