Новая гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Украінай — за серную кіслату

Новая гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Украінай — за серную кіслату

Ва Украіне распачатае спецыяльнае расследаванне наконт дэмпінгавых паставак сернай кіслаты і олеўма. Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі праверыць усе пастаўкі — незалежна ад краіны паходжання. Але ўжо зараз можна сказаць, што справа закранае інтарэсы Беларусі, якая пастаўляе ва Украіну 99% сернай кіслаты ад агульнага аб'ёму.

Па звестках Дзяржстата Украіны, на якія спасылаецца "Інтэрфакс-Украіна", імпарт сернай кіслаты і олеўма ва Украіну ў студзені-траўні 2017 года склаў 20,33 тысячы тон на суму $543,3 тысячы. Асноўным пастаўшчыком выступае Беларусь — 20,13 тысячы тон на $531,3 тысячы.

У Белстата крыху іншыя, але супастаўныя лічбы. За студзень — травень 2017 года тры беларускія вытворцы сернай кіслаты: Гомельскі хімічны завод, "Гродна азот" і ААТ "Нафтан" — экспартавалі 40,556 тысячы тон на $790,3 тысячы. З іх ва Украіну — 20,44 тысячы тон на $484,6.

На думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, серную кіслату наўрад ці можна назваць "новымі разбаўляльнікамі і распушчальнікамі": сумы, пра якія ідзе гаворка, абсалютна не тыя. Новая "гандлёвая вайна" паміж Украінай і Беларуссю, хутчэй за ўсё, тлумачыцца тым, што ў нас экспарт субсідуецца на дзяржаўным узроўні. Таму беларуская серная кіслата і можа каштаваць ва Украіне танней за серную кіслату іх уласнай вытворчасці:

Новая гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Украінай — за серную кіслату

"Гандлёвыя войны [з Украінай] адбываюцца рэгулярна. І "адбівацца" ад абвінавачанняў у дэмпінгу нам вельмі складана. У нашай краіне з шырокай практыкай дзяржаўнай падтрымкі экспарт даволі часта субсідуецца", — каментуе Сяргей Чалы.

Заяўнікам, пасля якога ва Украіне пачалася праверка, стала прадпрыемства "Усходні горна-абагачальны камбінат" — адзіны ўкраінскі вытворца сернай кіслаты. У выніку вонкавых паставак аб'ёмы продажу прадукцыі "УсхГАК" на ўнутраным рынку ў 2015 і 2016 гадах знізіліся адпаведна на 5% і 8% у параўнанні з 2014 годам, аб'ёмы вытворчасці — на 5% і 6%. З завода давялося скараціць 6% і 8% рабочых адпаведна.

Прааналізаваўшы сітуацыю ў дынаміцы, камісія ўжо прыйшла да высновы, што "на працягу даследуемага перыяду [2014-2016 гады] імпартныя цэны былі ніжэйшыя за цэны заяўніка (акрамя 2016 года) і сабекошт яго вытворчасці". Пры гэтым сёлета сярэдні кошт тоны беларускай сернай кіслаты, што ідзе на імпарт ва Украіну, стаў яшчэ ніжэйшым. Ён скараціўся амаль на 30% — з $34 за тону ў студзені — траўні 2016 года да $24 за аналагічны перыяд 2017 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі