Вы тут

Лукашэнка анансуе "рашучы крок" у інтэграцыі Расіі і Беларусі

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з генеральным пракурорам Расіі Ігарам Красновым / @pul_1​

Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы 4 лістапада адбудзецца, пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Мінску з генеральным пракурорам Расіі Ігарам Красновым.

"Мы напярэдадні вельмі важнай падзеі з вамі сустракаемся. 4 лістапада мы правядзём Дзяржсавет — рашучы крок у нашай інтэграцыі", цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Звяртаючыся да госця, ён сказаў, што "вы прыехалі не ў чужую краіну. Вы наогул прыехалі як да сябе дадому". Пры гэта ён заўважыў, што ў СМІ імкнуліся "апошнім часам забіць клін паміж намі".

Пасля апошняй сустрэчы Лукашэнкі і расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з'явілася інфармацыя, што саюзныя праграмы могуць быць падпісаныя ўжо 4 лістапада падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Аднак у апошнія тыдні СМІ пачалі выказваць здагадкі, што сустрэча можа прайсці ў анлайн-фармаце, і, адпаведна, падпісанне не адбудзецца. На мінулым тыдні прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што фармат зносін кіраўнікоў Беларусі і Расіі 4 лістапада будзе залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.

Усе гэтыя абмеркавання і здагадкі адбываліся на фоне крытычных выказванняў у адрас Аляксандра Лукашэнкі ў эфіры расійскіх тэлеканалаў і хамскіх выпадаў у адрас Уладзіміра Пуціна на беларускім тэлеканале СТБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.