Вы тут

Літва вярнула візавы збор для грамадзян Беларусі

За літоўскую візу беларусам давядзецца плаціць 60 еўра / Белсат

Літва з ліпеня вяртае візавы збор для грамадзян Беларусі, піша ru.delfi.lt. 

Нацыянальная літоўская віза будзе каштаваць для беларусаў 60 еўра. Столькі ж каштуе беларуская віза для літоўцаў. 

Рашэнне пра вяртанне візавага збору літоўскі ўрад прыняў у паняделак, 22 чэрвеня. Гэты збор не спаганяўся з 2011 года. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус патлумачыў, што візы будуць выдавацца са зніжкай у 50%. Ён назваў гэта парытэтным люстраным рашэннем, бо беларусы ўжываюць такую зніжку да грамадзян Літвы.

Паводле звестак літоўскага МЗС, у 2011-2019 гадах грамадзяне Беларусі атрымалі 44 966 нацыянальных віз. Консульскі збор за гэты час мог бы скласці больш за 2,6 мільёна еўра. 

Беларусь не выказала пратэсту з нагоды такога рашэння Літвы. Аднак афіцыйны Мінск пажадаў, каб гэты збор пачаў дзейнічаць разам з дамовай з ЕС пра спрошчаны парадак выдачы віз, то бок з 1 ліпеня.

Нагадаем, што шэнгенская віза з 1 ліпеня будзе каштаваць для беларусаў 35 еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.