Літоўскія фермеры атрымаюць грошы за адмову ад свіней

“Сёння раніцай было паседжанне ва ўрадзе Літоўскай рэспублікі. Абмяркоўваўся цэлы пакет розных мераў. У якасці крыніцы іх фінансавання мы разглядаем збор на мяжы памерам 25 літаў (каля 7 еўра). Яго плануецца браць з кожнага грузавіка, які прыязджае ў Літву з Беларусі”, — распавядаюць Еўрарадыё ў Харчовай і ветэрынарнай кантрольнай службе нашай паўночнай суседкі.

Такім чынам літоўцы хочуць сабраць грошы, неабходныя на шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. Галоўнае сярод іх — угаварыць фермераў, якія разводзяць свіней у пяцідзесяцікіламетровай зоне ад беларускай мяжы, адмовіцца ад гэтага. І перайсці на іншы від гаспадарання — гадаваць авечак, альбо іншую жывёлу. Кожнаму такому фермеру плануецца выдзеліць па 690 літаў (каля 200 еўра).

Акрамя гэтага літоўцы рэальна разглядаюць варыянт пабудовы высокага плоту ўздоўж мяжы з Беларуссю. Паспяховасць гэтага праекту будзе залежаць ад фінансавання з боку ЕС. Літва збіраецца прасіць у Еўрасаюза 46 мільёнаў еўра (з іх на плот пойдзе каля 10 мільёнаў). На думку нашых паўночных суседзяў, плот дапаможа спыніць міграцыі дзікіх кабаноў з тэрыторыі нашай краіны.

Тым часам у самой Беларусі фінансаванне барацьбы з афрыканскай свіной чумой зведвае пэўныя складанасці. Перадусім гэта адбываецца ў выплаце кампенсацый. Фермер Анатоль Яневіч, які месяц таму пазбавіўся цэлага статка свіней, дагэтуль не атрымаў грошай.

“Шэсць тон мяса ў мяне сышло… Гавораць, што грошы выбіваюць. А з каго яны іх выбіваюць — я не ведаю. Калі забівалі свіней, то галоўны урач сказаў, што выплацяць грошы праз два тыдні. А ўжо месяц мінуў”.

Анатоль настроены рашуча і збіраецца пры патрэбе звяртацца ў суд. Дзяржава яму вінная 114 мільёнаў. Чакаць фермер гатовы да пачатку верасня.

І акурат у пачатку восені вырашыцца, ці адгародзяцца высокім плотам літоўцы ад беларусаў. Еўракамісія разгледзіць пытанне выдзялення грошай ураду Літвы 9 верасня. А пакуль літоўцы толькі на дэзінфекцыю беларускага абутку трацяць 17 тысяч літаў у дзень. Без малага — 5 тысяч еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі