Лідчанін зрабіў выбухоўку... з тварагу

Лідчанін зрабіў выбухоўку... з тварагу

Жыхар Ліды пагражаў уседкам, што падарве іх. Праўда, выбухоўка ў яго была... незвычайная, піша сайт 0154.by.

Нецвярозы 43-гадовы мужчына выйшаў на гаўбец пяціпавярховага дома і стаў крычаць: "Я тэрарыст! Я стварыў тэрарыстычную групоўку! І цяпер падарву вас!.." На лаўцы ў двары ён пакінуў чорны поліэтыленавы пакет, з якога тырчалі драты. Па словах суседзяў, пабойваліся яны пагрозаў і таму, што мужчына 17 гадоў таму забіў жонку, за што адсядзеў у турме. 

Праз нейкі час у руках у лідчаніна апынуўся пульт (як пазней выявілася, ад тэлевізара) і закрычаў: "Дзеці, разбягайцеся! Пенсіянеркі, заставайцеся на сваіх месцах!". Пасля гэтага суседзі выклікалі міліцыю. На месца неўзабаве прыбылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, прадстаўнікі пракуратуры і следчага камітэта, ратавальнікі, судмедэксперты, лекары хуткай дапамогі. 

Калі адчынілі пакет, пакінуты "тэрарыстам", у ім знайшлі 200-грамовы пачак тварагу, драты і акумулятарную батарэю ад мабільніка. Для імітацыі гадзіннікавага механізму выбухоўкі мужчына паклаў у пакет будзільнік. 

На гора-"тэрарыста" пачалі крымінальную справу за пагрозу забойствам. Яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі