Лагойск некалькі дзён застаецца без вады і праблему не могуць вырашыць

Ваду для жыхароў горада прывозяць на аўтамабілях / logoysk.by
Ваду для жыхароў горада прывозяць на аўтамабілях / logoysk.by

Лагойск, горад у Мінскай вобласці з насельніцтвам больш за 15 тысяч чалавек, некалькі дзён застаецца без вады і праблему не могуць вырашыць. Прычынай называюць працяглую засуху, з-за якой рэзервуар водазабора "Ніўкі" быў спустошаны.

Як піша logoysk.by, недахоп вады гараджане адчулі з вечара аўторка. Раніцай у сераду яе ўжо не было амаль ва ўсіх кватэрах. Мясцовыя ўлады абяцалі аднавіць падачу вады на працягу сутак. У далейшым тэрмін неаднаразова пераносіўся. Апошняе абяцанне — да 20-й гадзіны пятніцы.

Згаданы водазабор "Ніўкі" забяспечвае падачу вады ў большую частку Лагойска. Спецыялісты кажуць, што не толькі апусцеў рэзервуар, але і практычна вычарпаліся воды, ад якіх ён папаўняўся. Кіраўніцтва Вілейскага водаканала вырашыла паглыбіць свідравіну, нарасціць трубы і апусціць помпу. Мантаж абсталявання пачаўся 7 чэрвеня. Сярод мясцовых жыхароў пашыраюцца чуткі, што затрымка з-за таго, што мясцовыя чыноўнікі... чакаюць дажджоў.

Гараджан забяспечваюць вадой трыма машынамі — з Лагойска, Плешчаніцаў і Вілейкі. Найперш яе атрымліваюць дзіцячыя садкі, школы, бальніца. Далей ваду падвозяць да шматкватэрных жылых дамоў. І толькі пасля гэтага машыны з вадой едуць у прыватны сектар.

Падобныя праблемы ўсё часцей узнікаюць у беларускіх гарадах — інфраструктура патрабуе абнаўлення, а грошы найперш трацяцца на сілавікоў, у ЖКГ ж недафінансаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі