Кузнечыкі, якія паўтара года жылі ў амбасадзе Швецыі, збеглі з краіны

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі / Фота Андрэй Строкін
Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі / Фота Андрэй Строкін

Бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія паўтара года правялі ў амбасадзе Швецыі ў Беларусі, змаглі выбрацца з краіны. Цяпер яны жывуць у лагеры для бежанцаў у Латвіі. З імі пагутарылі журналісты беларускага навінавага партала.

У 2020 годзе жыхары Віцебска бацька і сын Кузнечыкі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Калі яны зразумелі, што ім пагражае затрыманне, паспрабавалі папрасіць прытулку ў Швецыі, але ім адмовілі. Тады мужчыны перабраліся праз плот дыппрадстаўніцтва і засталіся на тэрыторыі амбасады. Пра тое, што ім удалося ўцячы, стала вядома надоечы, калі Кузнечыкі прыйшлі на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. У гэтыя дні яна знаходзіцца з візітам у Рызе.

Кузнечыкі расказалі, што ўвесь гэты час шведскія дыпламаты былі катэгарычныя — чакаць станоўчага рашэння пра атрыманне прытулку не варта. Нават нягледзячы на рашэнне Камітэта супраць катаванняў ААН. Там прызналі: Кузнечыкі могуць легальна знаходзіцца на тэрыторыі амбасады. Гэта значыць, выдаць іх уладам Беларусі Швецыя не магла, але і даваць ім статус не хацела.

"Патлумачылі тым, што калі гэта зробяць, то будзе прэцэдэнт. І тады ва ўсе амбасады Швецыі ў свеце будуць скакаць праз платы", — расказвае Уладзіслаў Кузнечык.

Сын і бацька планавалі спачатку бегчы ва Украіну, але там пачалася вайна. Літву і Польшчу яны не разглядалі. Туды беларусы едуць часцей за ўсё, а значыць, і кантроль на гэтых кірунках больш сур'ёзны, разважылі яны. Таму вырашылі перабірацца ў Латвію.  

"Насамрэч з выбарам не пралічыліся. Як нам ужо потым расказалі латвійскія памежнікі, у іх на мяжы стаіць адзін плот. А вось на літоўскай — двайны, а на польскай — трайны", — кажа Віталь.

Супрацоўнікам амбасады яны свой план не раскрывалі. Папрасілі арганізаваць агляд у доктара — раней Уладзіслаў Кузнечык перанёс рак, і яму неабходна рэгулярна абследавацца. Першага чэрвеня супрацоўнікі амбасады ўзгаднілі паездку да доктара.

"Далі на зборы некалькі гадзін. Мы, вядома, такога хуткага адказу не чакалі. План у нас быў прадуманы, але не ў драбнюткіх падрабязнасцях. Але ўсё ж вырашылі рызыкнуць", — расказвае Кузнечык-малодшы.

Кузнечики, которые полтора года жили в посольстве Швеции, сбежали из страны
Уладзіслаў Кузнечык і Святлана Ціханоўская / Фота Андрэй Строкін

Амбасада Швецыі знаходзіцца не вельмі далёка ад будынкаў ГУБАЗіК і КДБ. Акрамя таго, на суседніх будынках вісяць камеры. Відэа з іх адсочваецца.

"Неяк да амбасады прыходзіла знаёмая, яна ў Мінску жыве. І мы выйшлі з тэрыторыі. Дык вось літаральна праз 15 хвілін прыехала машына і нас пачалі здымаць, таму мы меркавалі, што ў нас будзе не так шмат часу, каб паспець з'ехаць. Калі шчыра, былі маральна гатовыя да таго, што нас схопяць", — расказваюць мужчыны.

Да доктара ў суседні горад яны ехалі на машыне амбасады. На абследаванне Кузнечыкі не пайшлі — на розных аўтобусах і электрычках дабраліся да Віцебскай вобласці. Малодшы ўсю дарогу быў у масцы, старэйшы перад уцёкамі адгадаваў бараду. Беларуска-латвійскую мяжу яны перасякалі ноччу. Ішлі проста праз лес. "Не заблукалі, таму што ў нас з сабой быў компас і "чысты" тэлефон, у які мы запампавалі навігатар", — тлумачыць Уладзіслаў.

Пералезлі плот на латвійскай мяжы, дабраліся да вялікай вёскі. Там сустрэлі памежнікаў, паказалі свае пашпарты і патлумачылі сітуацыю, папрасілі прытулку.

"І вы ведаеце, стаўленне было да нас вельмі добрае. Было нават дзіўна", — кажа Віталь.

Паводле падлікаў Кузнечыкаў, на ўцёкі яны выдаткавалі менш за суткі. За гэты час прайшлі ў агульнай колькасці 20 кіламетраў. Кажуць, што на такія хуткасці не разлічвалі: думалі, выезд з Беларусі зойме прыкладна тры дні. Пра свой план не расказвалі нікому — нават юрысту.

"Наш юрыст два дні паверыць не мог, што мы змаглі выбрацца. Казаў, што ў яго практыцы (а ён спецыялізуецца на такіх справах) такога не было ні разу. Родныя, вядома, вельмі рады, што мы тут. Вельмі ўжо хочам іх бачыць", — прызнаюцца мужчыны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі