Кулінковіч ажаніўся, паспрачаўшыся на бутэльку піва

У дзень Святога Валянціна Еўрарадыё вырашыла даведацца, як вядомыя беларусы пазнаёміліся са сваімі “палавінкамі”.

Лідар гурта “Neuro Dubel” Аляксандр Кулінковіч спаткаў сваё каханне на працы.

Аляксандр Кулінковіч: "Я быў саўладальнікам адной канцылярскай фірмы. Яна працавала сакратаркай. Хто я такі, яна не ведала. Мы перыядычна бачыліся на нейкіх карпаратывах. Гэта справа маладых — п'янкі, гулянкі праходзілі кожную пятніцу. Яна мне ў прынцыпе спадабалася, вельмі нават. І неяк мы з маім сябрам, які ў выніку стаў хросным бацькам майго сына, абмяркоўвалі жаночы кантынгент нашай фірмы. І ён сказаў пра маю будучую жонку, што выклікаць сімпатыю ў яе проста немагчыма, і яна настолькі непрыступна –жах нейкі. І мы паспрачаліся на бутэльку піва, падаецца, што я даб'юся яе прыхільнасці. І дамогся!"

Узаемнага кахання Кулінковіч дамагаўся каля года, хаця ўжо на першым спатканні прапанаваў ажаніцца. Наступны раз прапанова прагучала праз 4 гады, і Алена пагадзілася.

Аляксандр Кулінковіч: "Вяселле ў нас было вельмі файнае. Нам дапамаглі байкеры "Начныя ваўкі", яны суправаджалі картэж аўтамабіляў байкамі. Выглядала ўсё гэта вельмі крута. Мы адышлі ад стэрэатыпных лімузінаў і замовілі два лінкальны - белы і чорны. Наперадзе ехаў неверагодны матацыкл пад назвай "Оборотень", які зрабілі на замову для Хірурга, аднаго з галоўных байкераў Расіі. На самім вяселлі гасцям было загадана не крычаць "горка". Я абяцаў усім, што за крыкі "горка" будуць выводзіць з залі, але пасля сам падпіў і пачаў крычаць "горка"!

Як і Кулінковіч, тэле- і радыёвядучая Тамара Лісіцкая сваю “палавінку” сустрэла на працы. Але спачатку закахалася ў голас і створаны ім вобраз, а ўжо потым пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

Тамара Лісіцкая: "Пазнаёміліся мы на працы, мусіць што ў 2002 годзе. Службовы раман. Я пачула новы голас на роднай тады радыёстанцыі "Альфа Радио", якую ведала ад першай да апошняй ноты, кожную секунду эфіру. Пачула новы голас, новую праграму, голас мне вельмі спадабаўся, а чалавека я не ведала.

Зыходзячы выключна ад прыязнасці да голасу, за тыдзень праслухоўвання гэтай праграмы я сябе так накруціла, што прывязалася да чалавека, не ведаючы яго. А пасля, калі чалавек нам быў прадстаўлены як новы сябар каманды, то мне ўжо ўсё было зразумела. То бок гэта рэдкі выпадак, такі сіндром Аксаны, якая закахалася ў Вакулу. А далей высветлілася, што ў яго таксама нейкія сімпатыі. Мы б так і хадзілі са сваімі сімпатыямі, бо людзі дарослыя і сціплыя, але ў мяне быў ганаровы абавязак тэставаць навічкоў у начным эфіры. Я, як заслужаны майстар спорту па дыджэйству, праводзіла з імі начныя трэнінгі. Усе вельмі смяяліся з гэтага, раніцай мяне пыталіся, маўляў, як ён, ці яна?

А я распавядала падыходзіць нам чалавек, ці не. Таксама быў адпраўлены да мяне ў ноч і Глеб Марозаў. Усё было прыстойна, я пра тое, што ноч была абсалютна эфірнай, ніякіх нюансаў не было.. Мы проста размаўлялі. А раніцай ужо пайшлі на спатканне і ў прынцыпе больш не расставаліся. Па-мойму, менш чым праз паўгода ажаніліся. Як гэта часта бывае ў жыцці сучасных людзей, нечакана высветлілася, што мы зацяжарылі, таму ідэя ажаніцца папросту лунала ў паветры. Я не настойвала, для мяне ўсё было ясна, я б у кожным выпадку засталася ў гэтым палажэнні.

А вось ад Глеба патрэбная была нейкая рашучасць, мужнасць, і я не магу сказаць, што ён шмат часу разважаў. Хоць трэба адзначыць, што калі ўжо зразумелі смак халасцяцкага жыцця, жаніцца напэўна нялёгка, ці наадварот ужо хочацца, не ведаю, але ён папрасіў некалькі дзён на падумаць. Не магу сказаць, што гэта былі лёгкія дні, але ў выніку ён прыехаў да мяне на вялікім белым кані з вялікім букетам кветак, з тых часоў мы жывем і па-сяброўску, і па-рознаму, і шчасліва, і ў нас ужо шмат дзяцей, і сумесныя працы і дагэтуль вострасюжэтныя адносіны".

Гісторыі кахання лёгкаатлета Андрэя Міхневіча, мастака Андрэя Смаляка, акцёра Паўла Харланчука і інтэлектуала Алеся Мухіна – неўзабаве ў эфіры і на сайце Еўрарадыё.

Фота: photo.bymedia.net 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі