Крызіс на мяжы, погляд з Польшчы: хто першы пагаворыць з ЕС і з апазіцыяй

На беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА​
На беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА​

Учора на сайце польскага тэлеканала TVP info з'явілася навіна з трывожным загалоўкам: "Мігранты зніклі з вуліц Мінска — рыхтуецца напад на польскую мяжу?”.

Раніцай, калі калона мігрантаў, якая называе сябе "караванам надзеі", рушыла ў бок польскай мяжы, польскія спецслужбы таксама казалі, што ўсё прадбачылі.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын канстатаваў: пачалася спроба гвалтоўнага прарыву мяжы. Але гэтага чакалі.

На месцы прадказанняў у польскіх СМІ з'явіліся прамыя трансляцыі: мігранты падышлі да мяжы, мігранты спрабуюць прарвацца праз загароду, праваабаронцы заклікаюць не дапусціць эскалацыі, Дуда склікае тэрміновую нараду.

Што кажуць пра тое, што адбываецца на мяжы ў Польшчы, чытайце ў аглядзе Еўрарадыё.


Ці папросяць дапамогі ў Frontex?

Сёння абмяркоўвалася, якая дапамога ЕС патрэбна Польшчы, каб даць рады з крызісам.

Журналіст Rzeczpospolita Яцэк Ніжынкевіч лічыць, што польскія ўлады не спраўляюцца — і не справяцца, калі не звернуцца па дапамогу ў Frontex. Гэта агенцтва Еўрапейскага Саюза па бяспецы знешніх межаў. Яго стварылі ў 2004 годзе. А пасля пачатку еўрапейскага міграцыйнага крызісу ў 2015 годзе пашырылі яго паўнамоцтвы.

Ніжынкевіч упэўнены, што гэты крызіс можа пагражаць не толькі польскім межам, але і іміджу Польшчы.

"Бягучая палітыка ўрада прывядзе да трагедый, якія немагчыма схаваць ад грамадскай думкі. Цяпер ніякая сцяна не дапаможа. Мы не гатовыя і не справімся ў адзіночку", — напісаў ён у твітары.

Твіт журналіста Rzeczpospolita Яцэка Ніжынкевіча

Журналіст Newsweek Дамініка Длугаш таксама піша, што цяпер кожны павінен задавацца пытаннем, чаму палітыкі не звярнуліся да ЕС.

Намеснік кіраўніка МУС Мацей Вонсік не лічыць, што Frontex Польшчы дапаможа — маўляў, там усяго 1,3 тыс. супрацоўнікаў. Пры тым што польскіх памежнікаў — 16 тысяч чалавек, якім дапамагаюць яшчэ 10 тысяч жаўнераў. У Літву, напрыклад, Frontex адправіў усяго 60 чалавек — з іх 10 польскіх памежнікаў.


Трэба паразмаўляць з апазіцыяй

У краіне не толькі міграцыйны крызіс, але і іміджавы, лічыць экс-міністр замежных спраў Польшчы, член цэнтрысцкай "Польскай сялянскай партыі" Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі.

— Польшча не павінна быць адзінай краінай, якая змагаецца з гэтым. Гэта праблема для ўсіх нас. Урад кажа, што ўсё будзе добра. А гэта не так, і будзе толькі горш. Таму я заклікаю ўрад падумаць і пагаварыць з апазіцыяй, — цытуе яго выданне Onet.

Прэзідэнт павінен паразмаўляць з апазіцыяй і склікаць Раду нацыянальнай бяспекі, нагадваў яшчэ раніцай Анджэю Дуду экс-прэм'ер Дональд Туск.

Лагер мігрантаў уздоўж беларуска-польскай мяжы

Барташэўскі ж заклікае да салідарнасці не толькі ў краіне. Трэба яшчэ шукаць згоды з замежнымі партнёрамі.

У Польшчы і ЕС як на зло ўскладніліся адносіны. Спачатку Варшава прыняла закон, паводле якога польская Канстытуцыя стаіць вышэй за законы ЕС, — ці трэба казаць, што гэта не спадабалася Брусэлю. А затым у парушэнне міжнароднага права дазволіла памежнікам адпраўляць мігрантаў назад у Беларусь без прадстаўлення права падацца на прытулак.

Літва, Латвія і Эстонія ўжо заступіліся за Польшчу. Латвія лічыць, што ЕС павінен Польшчу "ўсяляк падтрымаць". Літва падтрымлівае Польшчу "з поўнай салідарнасцю" і мяркуе, што ЕС павінен "адрэагаваць і рашуча падтрымаць Польшчу ды іншыя пацярпелыя краіны" і паскорыць працу над новымі санкцыямі.

А Эстонія яшчэ і заклапочанасць выказала. І таксама заклікала ЕС умацаваць свае знешнія межы і больш актыўна працаваць над санкцыямі супраць Беларусі.


Фатаграфуюць толькі беларусы

Кіруючай партыі "Права і справядлівасць" сёння, вядома, дасталася ад журналістаў. Дзіўнага мала: тых самых журналістаў не пускаюць на мяжу.

Усё той жа Ніжынкевіч лічыць, што PiS проста баіцца паказаць, наколькі дрэнна падрыхтавалася да крызісу. А гэта значыць, піша журналіст, што "свет асуджаны на беларускія фатаграфіі" і пераказ падзей рускамоўнымі крыніцамі.

"Яшчэ ёсць час атрэсціся. Палякі заслугоўваюць інфармацыі з першых рук!" — падбадзёрвае журналіст.

Твіт польскага журналіста з заклікам дапусціць да працы на мяжы журналістаў

У каментарах да гэтай публікацыі ў твітары падтрымліваюць яго не ўсе. Пішуць, маўляў, калі дапусціць на мяжу некаторыя выданні, то беларуская прапаганда будзе ліцца з двух бакоў. А відэа, якія публікуюць польскія памежнікі, паказваюць, што яны вельмі нават нядрэнна гатовыя.

Адным словам, як гэта часта бывае, міграцыйны крызіс стаў яшчэ і падставай для высвятлення стасункаў для палітычных апанентаў.


А цяпер пра людзей

На мяжу хацелі б патрапіць не толькі журналісты, але і праваабаронцы. Сёння яны чарговы раз заклікалі да адпраўкі туды незалежных назіральнікаў.

І таксама патрабуюць рэакцыі ЕС.

"Міжнародныя інстытуты і інстытуты ЕС павінны неадкладна прыняць меры для дээскалацыі гвалту на польска-беларускай тэрыторыі. Людзі апынуліся ў пастцы паміж жорсткімі беларускімі сіламі і Польшчай", — пішуць актывісты Grupa Granica.

Актывісты просяць еўрапейскія інстытуты дзейнічаць

Гэта значыць працягваюць нагадваць, як важна бачыць за гэтым крызісам і асобных людзей, якім патрэбна дапамога. Хай нават некаторыя з іх і бяруць у рукі нажніцы для металу, даходзячы да пагранзоны.

Чатыры лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры — Святлана Алексіевіч, Эльфрыда Ялінэк, Герта Мюлер і Вольга Такарчук — таксама звярнуліся ў Савет Еўропы і Еўрапарламент з патрабаваннем прыняць меры ў сувязі з "гуманітарнай катастрофай" на мяжы з Беларуссю, піша газета Wyborcza.


Вы ўбачыце, што адбудзецца 8 лістапада

І трошкі дзіўных прадказанняў.

У сярэдзіне кастрычніка на польскай тэлевізіі адбыўся рэзкі абмен думкамі з удзелам палітыка правай нацыяналістычнай польскай партыі Януша Корвін-Міке.

Тады ён сцвярджаў, што прарасійскі кандыдат у прэзідэнты ў Беларусі сеў у турму на 14 гадоў, намякаючы на Віктара Бабарыка. А вось Аляксандр Лукашэнка 20 гадоў абараняе Беларусь ад Расіі.

"Вы ўбачыце, што адбудзецца 8 лістапада", — сказаў тады Міке.

Цяпер яму даводзіцца тлумачыцца: інтэрнэт-карыстальнікі ўбачылі ў гэтым яго выказванні не тое прароцтва, не тое папярэджанне. Сам палітык кажа: ён усяго толькі меў на ўвазе больш цеснае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. І не памыліўся, зрэшты: на днях яго змацавалі не менш загадкавым, чым гэта прадказанне, інтэграцыйным дэкрэтам.

Дэкрэт падпісалі 4 лістапада, а напачатку планавалі зрабіць гэта 8 лістапада — адсюль і "прароцтва".

Добрая навіна для Польшчы ў тым, што расійскіх войскаў у такім фармаце інтэграцыі на мяжы з Польшчай не прадбачыцца. Але праблемы ў краіны будуць, папярэджвае Корвін-Міке.

Калі вы сёння чыталі навіны, то ведаеце, што ён не памыліўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі