Крыжаноўскі ледзь не пазбавіўся свайго тэатра з-за ЧУПа

Двое яго акцёраў пакінулі тэатр гумару “Хрыстафор”, калі даведаліся, на якіх умовах будуць працаваць ІП пасля Новага года. А сам Яўген Крыжаноўскі вырашыў пабрацца гомасэксуальным шлюбам і ўсынавіць свайго калегу. Не атрымалася…
Еўрарадыё расказала гісторыю: брэсцкі прадпрымальнік скасаваў шлюб са сваёй жонкай, каб ажаніцца з супрацоўніцай і зберагчы свой бізнэс. Мы вырашылі адшукаць яшчэ некалькі абсурдных выпадкаў, калі ІП робяць усё магчымае, каб збегчы ад ЧУПаў.

Яўген Крыжаноўскі звярнуўся ў пачатку года ў адзін сталічны ЗАГС з своеасаблівай просьбай: зарэгістраваць фіктыўны гомасэксуальны шлюб з сваім калегам і дазволіць усынавіць артыста “Хрыстафора”. Яму адмовілі і прапанавалі больш не дурыць галаву ні сабе, ні людзям. Але яму не смешна.

Яўген Крыжаноўскі: Калі мы дазналіся, што ў ІП могуць працаваць толькі блізкія людзі, нават не ведалі, што рабіць. Магчыма, што ў сферы гандлю могуць працаваць родныя, але як быць з тэатрам? Тэатр – гэта індывідуальнасць, тым больш гумарыстычны. Ні мае старэнькія бацькі, ні малодзенькая жонка, ні мае дзеці не могуць стаць артыстамі гумарыстычнага тэатра. Таму і было прынята такое абсурднае рашэнне.

У Цэнтры ўсынаўлення Еўрарадыё расказалі, што паводле закону ўсынаўляць можна толькі да 18 гадоў. Таму з Новага года артыст будзе лічыцца адзіным работнікам тэатра, а іншым “хрыстафораўцам” ён прапанаваў працаваць на добраахвотнай аснове. Двое не згадзіліся і пакінулі тэатр.

ІП Жана Болсун таксама аказалася ў няпростай сітуацыі: яна сірата і гадуе чатырох дзяцей. Наняць да сябе на працу родных не можа, бо іх проста няма.

Жана Болсун: У мяне ёсць сястра, але яна не дзеяздольная. Хіба толькі на яе аформіць бізнэс? Юрыдычна, канешне, я магу зрабіць ІП сваіх двух старэйшых дачок, але ім тады прыйдзецца кінуць вучобу ва універсітэце.

У Жаны засталося толькі адзінае выйсце: зрабіць свайго прадаўца прадпрымальнікам. І хоць яна давярае ёй, але загадзя не ведае, чым можа скончыцца такая задума
.
Яшчэ ў пачатку года старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа прапанаваў узаконіць у краіне шматжонства і спрасціць працэдуру ўсынаўлення.

Аляксандр Патупа: Так, я прапанаваў, каб адзін ідыятызм працягнуў другі. Ні ў адной краіне свету няма такога, каб найманых работнікаў абмяжоўвалі па прынцыпе сваяцтва. Давайце ўжо да канца даводзіць ідэю Жырыноўскага. Ну, як па-іншаму можна было рэагаваць на такое? Вось бачыце, ІП без усякіх законаў сталі героямі нетыповых сітуацый.

Еўрарадыё адшукала аднаго ІП, які перайшоў ва унітарнае прадпрыемства. Аляксандр Ракавец расказаў, што ў яго проста не засталося іншага выхаду.

Аляксандр Ракавец: Я займаюся грузаперавозкамі, таму ў мяне няма столькі родных, каб пасадзіць іх на ўсе свае аўтамабілі. Зараз дакументацыю вядзе бухгалтар, бо для мяне гэта цёмны лес. Мне ўжо казалі, што ЧУПы непрыбыткова. Але што рабіць?

Да 10 лістапада (апошні дзень, калі можна зарэгістраваць унітарнае прадпрыемства) засталося 6 працоўных дзён. Мы патэлефанавалі ва ўпраўленне прадпрымальніцтва Мінгарвыканкаму, каб даведацца, колькі ЧУПаў зарэгістравана на сённяшні дзень.

Упраўленне прадпрымальніцтва: На 31 кастрычніка ў нас такія лічбы: 269 індывідуальных прадпрымальнікаў перайшлі ва унітарныя прадпрыемствы.

Ва ўпраўленні лічбу нам назвалі з вялікай неахвотай. Гэта і зразумела: з 45 тысяч сталічных індывідуальных прадпрымальнікаў перарэгістравалася ў ЧУПы толькі 269, альбо 0,5%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі