“Крумкачы” не атрымалі ліцэнзію на ўдзел у вышэйшай лізе

“Крумкачы” не атрымалі ліцэнзію на ўдзел у вышэйшай лізе

“Крумкачы” не атрымалі ліцэнзіі на ўдзел у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. На працягу трох дзён футбольны клуб можа звярнуцца ў апеляцыйны камітэт. Прэс-служба Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” паведамляе, што такое рашэнне прыняў Камітэт па клубным ліцэнзаванні. Адзначаецца, што “Крумкачам” адмовілі “ў сувязі з сістэматычнымі парушэннямі патрабаванняў Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролю дзейнасці клубаў, што выявілася ў неаднаразовым парушэнні тэрмінаў прадстаўлення дакументаў і прывяло да зрыву працэсу ліцэнзавання”.

Беларуская федэрацыя футбола патлумачыла, што ў мінулыя сезоны яна ішла насустрач “Крумкачам” у пытанні ліцэнзавання, каб падтрымаць маладую каманду. Але гэтыя крокі “не садзейнічалі развіццю, а наадварот прывялі да пагаршэння спраў у клубе”. Сёлета “сітуацыя дасягнула крытычнай кропкі”, даўгі клуба складаюць каля 600 тысяч рублёў, адзначае АБФФ. Больш таго, “Крумкачы” не перадалі “поўны пакет дакументаў, неабходных для атрымання ліцэнзіі”. Федэрацыя называе гэты выпадак “беспрэцэдэнтным”, раней ніводзін клуб вышэйшай лігі такога не дапускаў. Таму Камітэтам па клубным ліцэнзаванні было прынятае рашэнне не прымаць да разгляду заяву клуба на выдачу ліцэнзіі.

Як інфармавала Еўрарадыё, “Крумкачы” адчайна змагаюцца за выжыванне і спрабуюць ліквідаваць даўгі. Тым часам у клуба з’явіўся спонсар-замежнік, які ўжо мае 51% акцый. Яго імя абяцаюць агучыць у самы бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі