Крэмль не будзе заступацца ні за "КП у Беларусі", ні за Генадзя Мажэйку

Крэмль не будзе заступацца ні за "КП у Беларусі", ні за Генадзя Мажэйку

Крэмль шкадуе, што ў Беларусі зачыняецца прадстаўніцтва "Камсамольскай праўды", але лічыць такое рашэнне адзіна правільным. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

"У даным выпадку мы бачым, што, па ўсёй бачнасці, адзіна правільнае рашэнне прыняло выданне аб закрыцці падраздзялення ў Беларусі. Можна выказаць шкадаванне ў сувязі з тым, што ў Беларусі спыніла працаваць наша вельмі аўтарытэтнае і папулярнае выданне і вельмі паважанае", — цытуе яго словы ТАСС.

Таксама ён паведаміў, што Расія не можа ўмешвацца ў сітуацыю з Генадзем Мажэйкам, бо ён з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Аднак у Крамлі спадзяюцца, што яго затрыманне не звязанае з журналісцкай дзейнасцю.

"Іншая справа, калі гэта звязана з яго журналісцкай дзейнасцю, то тут мы можам выказаць шкадаванне, гэта нармальна, але дэ-юрэ нейкім чынам абараняць яго інтарэсы мы не можам", — заявіў прэс-сакратар Пуціна.

Прадстаўнік Крамля дадаў, што не можа пацвердзіць, ці быў Мажэйка затрыманы ў Мінску. "Мы проста не ведаем, дзе і кім ён быў затрыманы, такой інфармацыі не маем", — патлумачыў Пяскоў.

Ён не стаў адказваць на пытанне, ці сапраўды Расія перашкодзіла ад'езду Мажэйкі ў трэцюю краіну. Па адказ на гэтае пытанне Пяскоў параіў звяртацца ў памежныя службы.

Напярэдадні стала вядома, што "Комсомольская правда" зачыняе сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Гэтаму папярэднічаў артыкул Генадзя Мажэйкі пра Андрэя Зельцэра, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. Артыкул не спадабаўся беларускім уладам, і сайт "КП у Беларусі" быў адключаны. Журналіста затрымалі ў рамках крымінальнай справы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманне адбылося ў Маскве. Але афіцыйныя органы заявілі, што Мажэйку затрымалі ў Беларусі пасля таго, як у Расіі яго прызналі непажаданай асобай, але адмовіліся выпусціць у іншую краіну, акрамя Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі