Крэдыты "да заробку" ў Беларусі знікнуць?

Нацыянальны банк падрыхтаваў праект указа, які рэгулюе працу мікрафінансавых арганізацый. Для фірм, якія даюць пазыкі да заробка, гэта навіна стала нечаканай.

"Доўгі час на абмеркаванне выносіўся іншы праект указа, які быў накіраваны на развіццё гэтай дзейнасці. Цяпер вектар цалкам памяняўся", — кажа кіраўнік кампаніі "Хуткія наяўныя" Антон Закрэўскі.

Калі новыя правілы гульні пачнуць дзейнічаць, то мікрафінансавыя арганізацыі не змогуць ні браць грошы ў грамадзян, ні даваць у пазыку, стаўкі па якіх часам даходзяць да 730% гадавых. У выніку застануцца толькі банкаўскія крэдыты, мяркуе фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб: "Часцей за ўсё такімі пазыкамі людзі карысталіся пад нейкім імпульсіўным жаданнем нешта набыць у крэдыт. Магчыма, гэта былі людзі, якія не маглі карыстацца банкаўскімі крэдытамі".

Банкі могуць даваць крэдыты толькі тым, хто можа пацвердзіць сваю плацежаздольнасць і ў каго чыстая крэдытная гісторыя. Каб узяць грошы ў пазыку ў маленькай арганізацыі, хапае 5 хвілін. Патрэбны толькі пашпарт. Але і працэнт адпаведны.

Калі ўказ пачне дзейнічаць, то мікрафінансавыя арганізацыі могуць знікнуць альбо пераарыентавацца на фінансаванне дробнага бізнесу. Праўда, прадпрымальнікі наўрад ці будуць браць крэдыты пад такія высокія працэнты.

"Мы ў адрозненні ад банкаў не рэфінансуемся Нацбанкам. Не маем доступу да танных фінансавых прадуктаў. Мы даём свае грошы і імі рызыкуем. Тут закладзены і працэнт незвароту, — тлумачыць Антон Закрэўскі. — У буйнога гульца ёсць магчымасць зніжаць стаўкі, у дробных няма. Гэта матэматычна пралічана. Калі ўзяць формулу, прапісаную ў расійскім заканадаўстве, то мы выйдзем на 2% за дзень. Мікрафінансавыя арганізацыі не маюць магчымасці пачаць фінансаваць бізнес. Сярэдняя пазыка для фізічных асоб складае прыкладна 700 тысяч рублёў. Яна бярэцца на кароткі тэрмін каля 10 дзён і пад 2% за дзень. А для бізнесу патрэбныя іншыя сумы, на большыя тэрміны і пад іншыя працэнты. Тут мікрафінансавыя арганізацыі не вытрымаюць канкурэнцыю з банкамі".

Ва ўсім свеце рынак мікрафінансавання на 70% складаецца з фінансавання дробнага бізнесу. Толькі 30% — гэта спажывецкія пазыкі і пазыкі да заробка. У нас жа суадносіны зусім іншыя: толькі 10% — гэта фінансаванне бізнесу, дадае Антон Закрэўскі.

Таму наўрад ці мікрафінансавыя арганізацыі змогуць пераарыентавацца. Час, які дадуць на пераарганізацыю, яны будуць працаваць, а потым зачыняцца. Такія захады Нацбанка — гэта жаданне абараніць людзей ад дарагіх пазыкаў, лічыць Антон Закрэўскі. Але акрамя "кепскіх" мікрафінансавых арганізацый, гэты ўказ "забівае" і "добрыя".

"Магчыма, узнікла нейкая крытычная маса негатыўных водгукаў ад кліентаў. З-за таго, што доўгі час адсутнічала рэгуляванне, у гэты бізнес прыйшлі ўсе, каму не лянота. Гэта толькі падаецца, што ён звышпрыбытковы і гэтым можа займацца кожны. Ёсць шмат падводных камянёў. У выніку рынак насычаны, але недастаткова якаснымі паслугамі. Таму ёсць скаргі. Я думаю, усім вядомы выпадак, калі ў Гродзенскай вобласці людзей вывозілі ў лес, прымушалі капаць сабе яму. У Мінску спажывецкія кааператывы набралі ўклады і зніклі — з'явіліся піраміды".

Па меркаванні Вадзіма Іосуба, указ мае больш плюсаў, чым мінусаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі