У Беларусі падаражэюць крэдыты. Чаму?

Як РВСР паўплывае на крэдыты

Як РВСР паўплывае на крэдыты / unsplash.com

З 1 студзеня Нацбанк павысіў значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР). Паводле звестак Белстата, гэты паказчык для юрыдычных асоб склаў 11,26% гадавых, у снежні ён вырас на 0,27%. Для фізічных асоб гэтае значэнне павялічылася на 1,19% і на студзень склала амаль 16 з паловай працэнтаў.

Ад паказчыка РВСР наўпрост залежаць працэнтныя стаўкі, гэта можа азначаць, што крэдыты для звычайных людзей стануць нашмат даражэйшымі.

Еўрарадыё распытала эканамічных экспертаў пра РВСР, чым яна адрозніваецца ад стаўкі рэфінансавання, ад чаго залежыць яе рост і як яна ўплывае на простых беларусаў.
 

РВСР уплывае на ўзровень ставак

Эканамістка аналітычнага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна кажа, што разліковая велічыня стандартнай рызыкі ўяўляе сабой памежныя стаўкі па новых крэдытах для юрыдычных і фізічных асоб, якія могуць вызначаць камерцыйныя банкі.

— Вядома, стаўкі могуць быць і вышэйшыя за гэтыя межы, але ў такім выпадку гэта лічыцца стаўкамі з высокай рызыкай, і ў гэтых умовах на банкі накладваюцца дадатковыя абмежаванні па рэзервах. Адрозненні РВСР ад стаўкі рэфінансавання, вядома, ёсць. Стаўка рэфінансавання — гэта сігнальны паказчык, які вызначаецца цэнтральным банкам, ад якога залежыць кошт рэсурсаў, што даюцца камерцыйным банкам. А РВСР — больш вузкі паказчык, што ўплывае на ўзровень ставак па новых крэдытах, які вызначаюць камерцыйныя банкі.

Лузгіна адзначае, што гэты нарматыў наўпрост уплывае на кошт крэдытаў. Калі цэнтральны банк павышае РВСР, адпаведна, і камерцыйныя банкі могуць павялічваць стаўкі без наступстваў з боку цэнтральнага банка.

— А калі растуць стаўкі, то гэта абмяжоўвае попыт па крэдытах, бо яны значна даражэюць. Цяпер мы бачым, як цэнтральны банк вярнуўся да практыкі павышэння разліковых велічынь стандартнай рызыкі, што звязана з паскарэннем інфляцыйных працэсаў у эканоміцы, але з іншага боку ён дэманструе пэўны элемент узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, каб не дапусціць вялікага перагрэву эканомікі.

Павышэнне РВСР, па словах эксперткі, не звязанае з нестабільнасцю ў эканоміцы. Гэта толькі адзін з інструментаў, якім карыстаюцца цэнтральныя банкі ў сваёй манетарнай палітыцы.

— У дадзеным выпадку назіраецца мяккі элемент узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, што праяўляецца праз павышэнне ўзроўню РВСР, бо больш прамым інструментам было б змяненне стаўкі рэфінансавання. Раз крэдыты будуць даражэць, значыць, юрыдычныя і фізічныя асобы будуць браць іх менш, што не дапускае звышвысокай актыўнасці ў эканоміцы, якая ўжо дасягнула максімальнага патэнцыялу росту, і далейшы яе разагрэў за кошт, напрыклад, танных крэдытаў можа пацягнуць за сабой паскарэнне інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў.
 

“Сігнал таго, што крэдыты падаражэюць”

На думку эканаміста цэнтра BEROC Дзмітрыя Крука, павышэнне ці паніжэнне РВСР фармальна скіраванае не на інфляцыю, а на захаванне фінансавай стабільнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі