Краязнавец выдаў кнігу пра Горадню, якую пісаў 20 год (фота)

Краязнавец выдаў кнігу пра Горадню, якую пісаў 20 год (фота)

Кніга “50 вуліцаў Горадні” выйшла з друку на гэтым тыдні. На старонках вялікафарматнага выдання — старыя мапы, фотаздымкі ўсіх часоў і безліч цікавых фактаў пра стары цэнтр Горадні.

Акумуляваць усю гэтую інфармацыю разам удалося краязнаўцу Віктару Саяпіну, у мінулым — супрацоўніку мытні, які зараз па праве можа лічыцца самым пладавітым гісторыкам горада: штогод у яго выходзіць па кніжцы, а то і больш. Аднак гэтая — найтаўсцейшая, ёй аўтар аддаў 20 год жыцця.

Мы вырашылі прайсціся са спадаром Віктарам па старым цэнтры горада ды занатаваць некаторыя цікавосткі з яго расповеду:

Гатэль “Еўропа” і “Тры таўсцякі”. Там, дзе зараз узвышаецца гмах універмагу савецкіх часоў, яшчэ на пачатку 50-х стаяў будынак гатэлю “Еўропа”. Ён быў фактычна люстэркавай копіяй будынку суда, які мы і сёння можам бачыць тут жа, насупраць — з надпісамі “Законъ” на ляпніне. Гэтыя два будынкі спраектаваў адзін архітэктар — Небольскі.

Дык вось, упраўляючым у “Еўропе” да рэвалюцыі быў Карл Алеша. Так, так, бацька таго самага Юрыя Алешы, які напісаў “Тры таўсцякі”. Пасля Грамадзянскай вайны Юрый застаўся ў Харкаве, а яго сям’я вярнулася ў Горадню.

 Рэстаран “Беласток”: польская мова і музыкі Белдзяржфілармоніі. Будынак на самым пачатку Савецкай вуліцы, вядомы гарадзенцам як рэстаран “Беласток”, шмат разоў змяняў гаспадароў. Да вайны тут быў гатэль “Гандлёвы”, пасля — рэстаран “БелОрусь”, перайменаваны ў “Белоруссию”, узорная сталоўка, рэстаран і гатэль “Гродна”…

Але гарадзенцы гэты будынак найбольш запомнілі як рэстаран “Беласток” (1970-я): польскае меню, зробленыя палякамі інтэр’еры, афіцыянты з веданнем польскай мовы… А гралі тут, між іншым, музыкі з Белдзяржфілармоніі!

 

Палац князёў Масальскіх і мяса. Праваруч мы зараз бачым трохпавярховы палац Масальскіх XVIII ст. За больш як дзвесце год гісторыі тут была і паштова-тэлеграфная кантора, і крамы, і розныя казённыя ўстановы. А вось я добра памятаю час, калі тут месцілася крама “Мясо-колбасы” — так і было напісана, праз рыску.

Справа ў тым, што ў Горадні за часам СССР амаль не было праблемаў з мясам. Калі сюды прыязджалі расіяне, яны здзіўляліся: нібы адна краіна, але дзве рэальнасці. Чэргаў няма, свініна — 2 рублі, ялавічына — 1 рубель 90 капеек… У Друскенікі (Літва) за каўбасамі пачалі ездзіць толькі ў 80-я (смяецца).

 “Нью-Йорк” і “Швейцарыя”. Шэры будынак перад намі, у якім зараз банк, некалі быў аднапавярховым. Да рэвалюцыі тут быў гатэль — “Нью-Йорк”, пасля “Швейцарыя”. Сучасны змрочны выгляд камяніца займела толькі пасля перабудовы 1939 году — пад банк.

За Саюзам тут была ашчадкаса, а ў іншым крыле — крама “Мелодыя”. Так, тут акурат я набыў сваю першую гітару — 6 рублёў 50 капеек (памяць на лічбы у спадара Віктара фантастычная). Тут жа побач заўжды было поўна “сінякоў”, бо прадаваліся пладова-ягадныя віны (“фруктовіч”, як тады казалі, за 82 капейкі) — уявіце, усё гэта ў адным будынку!

Жэром Банапарт і гарадзенскія дзяўчаты. Будынак з калонамі — гэта палац віцэ-губернатара Максімовіча, збудаваны ў 1803 годзе. Адметна, што падчас кампаніі 1812 году тут быў Штаб Банапарта. Вось толькі не Напалеона, але яго брата — Жэрома. Французы тут увесь час ладзілі балі ды прыёмы.

Як кажуць у Горадні, менавіта гэты будынак разам з гарадзенскімі дзяўчатамі згубіў “Вялікую армію”: пагадзіцеся, ну хто пойдзе на Маскву, калі тут цёпла, весела, а навокал столькі прыгажуняў!

Ленін і пустка. Вы маладыя, таму Вам можа падасца, што плошча Леніна была такой заўсёды. Але такой яна стала толькі ў 1987-м, менш як 30 год таму. Раней тут была пустка — дакладней, даліна Гараднічанкі з лаўкамі ды дрэвамі. На загад партыйнага кіраўніцтва ўсё было засыпана пяском і заліта бетонам, а зверху пастаўлены помнік правадыру пралетарыяту.

Іронія ў тым, што помнік Леніну стаіць па-над пусткай, пад ім — трубы, праз якія цячэ Гараднічанка, нібыта пульсуючыя вены нашага горада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі