Крамы пазбавяць ліцэнзій за адсутнасць малака?

Днямі Міністэрства гандлю і Мінгарвыканкам склалі спіс малочных прадуктаў, якія абавязкова павінны быць у краме. Еўрарадыё высветліла: калі малочныя заводы не паставяць дастаткова сваёй прадукцыі, за гэта гандляроў могуць пазбавіць ліцэнзіі. Мы прайшліся па маленькіх крамах, каб паглядзець, як выконваецца загад.
Прадавец крамы “Прадукты” па вуліцы Калініна, 25 ведае пра гэты спіс, але сітуацыю гэта не мяняе. На паўпустыя паліцы ён глядзіць з аптымізмам: яшчэ месяц таму не было столькі відаў малака (4) і смятаны (4). Сталічныя заводы №1, №2 і №3 з верасня не могуць цалкам выканаць заяўку крамы, спасылаючыся на адсутнасць сыравіны. Таму сёння ў “Прадуктах” 1 найменне кефіру замест належных 4-5, адзін плаўлены сырок “Дружба” (па спісе трэба 4-5) і ўвогуле адсутнічае ражанка, дзіцячае малако і кефір.

Прадавец: Канешне, нас прыходзілі правяраць, але пакуль ніхто не караў, бо мы ж не вінаватыя. У верасні-кастрычніку самі выходзілі на іншыя малочныя заводы, каб хоць неяк палепшыць сітуацыю. Ездзілі на сваёй машыне ў Сянно і куплялі там малако.

Загадчыца крамы па вуліцы Я.Коласа, 51 пра такі спіс чуе ад нас упершыню і адразу ж падвяргае яго крытыцы. Яна лічыць, што выканаць яго проста немагчыма. Толькі “Савушкін прадукт” пастаўляе сваю прадукцыю без перабояў: на паліцах ляжыць 4 віды тварагу, 3 віды малака брэсцкага малочнага завода (цэны не самыя маленькія). Пра сыр увогуле загадана забыць: для шырока выбару пакупнікоў прадстаўлены толькі “Галандскі” сыр.

Загадчыца: Я не ведаю, чым думаў выканкам, калі прымаў такое рашэнне. Ён ведае, у якім становішчы знаходзяцца малочныя заводы? Напрыклад, у нашым магазіне я не бачу малака 1,5% тлустасці ўжо трэці месяц. Я б і рада была прапанаваць пакупнікам 5 відаў сыру, але дзе яго ўзяць? Апошнія два месяцы гарадскі малочны завод адмаўляецца нам пастаўляць сваю прадукцыю.

Асартымент крамы №32 цалкам адпавядае спісу. Прадаўцы запэўнілі нас, што наяўнасць малочных прадуктаў у іх правяраюць і асабліва звяртаюць увагу на прадукцыю мінскіх заводаў.

Еўрарадыё высветліла, для чаго быў створаны такі спіс і што свеціць за яго невыкананне. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Уладзімір Калтовіч, расказвае, што падобны спіс на ўсе віды прадуктаў існаваў заўсёды, а гэты зацвердзілі дзеля таго, каб пазбегнуць перабояў з пастаўкай малочнай прадукцыі. На пытанне, як ён ацэньвае сённяшняе становішча, Уладзімір Калтовіч адказаў:

Уладзімір Калтовіч: Калі ў кастрычніку заяўкі выконваліся на 50%, то сёння заяўкі на малочную прадукцыю выконваюцца на 95%. Мы вызначылі некалькі крам у кожным раёне, і яны штодзённа даюць нам справаздачы, колькі малака атрымалі і які завод яго паставіў. Пакуль у нас няма ніводнай скаргі ад насельніцтва.

Пасля таго, як “Еўрапейскае радыё для Беларусі” расказала пра сітуацыю ў крамах, па якіх мы прайшліся, Уладзімір Калтовіч заўважыў:

Уладзімір Калтовіч: Калі вы хочаце спытаць мяне, чаму няма малака, тады я магу адрасаваць вас толькі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. У іх трэба спытаць: дзе яно? У мяне няма сувязі з фермай, і я не ведаю, што яны там вырабляюць.

Не менш цікавае пытанне, хто адказвае за тое, калі ў краме няма ўсіх малочных прадуктаў, што пазначаны ў спісе. Аказалася, што крайнім становяцца гандляры, якіх могуць пазбавіць ліцэнзіі. Такім чынам, малочны завод увогуле ні за што не адказвае, бо ў яго няма сыравіны.

Уладзімір Калтовіч: Штрафы ўпраўленне гандлю не выпісвае. Штрафы па законе можа даваць толькі адміністрацыйная камісія. Для таго каб выпісаць штраф, патрэбна абгрунтаванне. Парушэнне асартыментнага пераліку не адносіцца да тых катэгорый, за якія можна выпісаць штраф. У выпадку выяўлення парушэння асартыментнага пераліку ліцэнзуючы орган ці орган, які мае кампетэнцыю, можа прыняць рашэнне аб ануляванні ліцэнзіі.

Спіс малочных тавараў, якія павінны быць у кожнай краме:
- 3-5 найменняў малака (у т.л. 1,5-2,2% тлустасці);
- 1 найменне малака для дзіцячага харчавання ;
- 4-5 найменняў кісламалочных вырабаў (у т.л. 1,5-2,2% тлустасці);
- 1 найменне кефіру для дзяцей;
- 8-10 найменняў тварагу і тварожных вырабаў;
- 3-4 найменні смятаны;
- 3-6 найменняў ёгурта;
- 3-5 найменняў цвёрдых сыроў;
- 1-2 найменні мяккіх;
- 4-5 найменняў плаўленых сыроў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі