Краіны Афрыкі прапануюць свой план урэгулявання канфлікту ва Украіне

На мінулым тыдні ўкраінская армія пачала контрнаступленне / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
На мінулым тыдні ўкраінская армія пачала контрнаступленне / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Лідары афрыканскіх краін гатовыя падключыцца да ўрэгулявання ваеннага канфлікту ва Украіне і прапануюць серыю "мер умацавання даверу". Пра гэта распавядае Reuters.

У дакуменце, які не быў апублікаваны, гаворыцца, што мэтай місіі з'яўляецца "прапаганда важнасці міру" і перакананне бакоў пагадзіцца на перамовы. Сярод захадаў, якія прапануюць афрыканскія лідары, у тым ліку: вывад тактычнай ядзернай зброі з Беларусі, вывад расійскіх войскаў, прыпыненне дзеяння ордэра Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна і паслабленне санкцый.

Прадстаўнічая дэлегацыя сёння мае намер правесці перамовы ў Кіеве, а заўтра ў Санкт-Пецярбургу. Дэлегацыю ўзначальваюць прэзідэнт Сенегала Макі Сал і прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса. Чакаецца, што яны сустрэнуцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Афрыканскія краіны пакутуюць праз уведзеныя супраць Расіі санкцыі.

"Канфлікт, а таксама санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі (афрыканскага) кантынента, аказалі негатыўны ўплыў на афрыканскую эканоміку і крыніцы сродкаў да існавання", — гаворыцца ў паведамленні аб афрыканскім мірным плане.

Адзначым, што візіт адбудзецца на фоне ўкраінскага контрнаступлення, якое пачалося на мінулым тыдні. У Кіеве спадзяюцца, што гэтая вайсковая аперацыя дазволіць вызваліць тэрыторыю, акупаваную расійскімі войскамі на поўдні і ўсходзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі