Kraftwerk уратаваў Balaton Sound ад дажджу і паказаў сваіх знакамітых робатаў

Другі дзень на фестывалі Blaton Sound адзначыўся самым яскравым шоў, якое вылечыла меланхалічны настрой публікі створаны дажджлівым днём.
У 22:00 увесь фестываль сабраўся ля галоўнай пляцоўкі, каб паслухаць выступленне класікаў электроннай музыкі, электра-футурыстаў і робатаголікаў — нямецкага гурта Kraftwerk.

Афіцыйна Kraftwerk здымаць было забаронена. Толькі 12 фотарэпарцёраў атрымалі на гэта права. Але людзі пра забароны нічога не ведалі, а мо, плявалі, і пад час канцэрту Kraftwerk увесь натоўп свяціўся “ліхтарыкамі” ад манітораў мабіл і фотаапаратаў.

Пачаўся канцэрт з завешанай вялікімі шторамі сцэны, з якой роўна а 22 гадзіне данесліся моцныя механічныя гукі, а на шторах з'явіліся 4 цені. Сілуэты стаялі за сваімі класічнымі “працоўнымі столікамі” — ноу-хау Kraftwerk яшчэ з 70х гадоў. Гэтае вынаходніцтва ў тым, каб усе правады і іншая тэхніка былі схаваныя, а на сцэне заставаўся мінімалізм — акуратненькія столікі, на якіх стаяць акуратненькія ноўтбукі, а за імі — 4 амаль аднолькавыя мужчыны ў чорных аблягаючых камбінезонах.



Kraftwerk распачалі свой канцэрт песняй “Machine”. Пасля выдавалі хіты адзін за адным, на чале з “Tour de France”, пад якую на экранах паказвалі веласіпедыстаў і дарогі.
Відэа яшчэ з тых часоў, калі Тур дэ Франс была напісаная — то бок з 80-х
У гэтым быў своеасаблівы каларыт — пабачыць “рэтра”-відэа пад мінімалістычна-машынную музыку.



Перад кампазіцыяй “Die Roboter” шторы на сцэне зноў закрыліся, і калі пачаліся словы: ”Я твой слуга, я твой работнік”, шторы адчыніліся і замест 4 чалавек на сцэне апынулася 4 робаты, якія гралі за ноўтбукамі.

Робаты стаялі на падстаўках, без ног — гэта былі толькі механічныя торсы, падобныя як люстраны адбітак да удзельнікаў гурта. Яны рабілі рухі сваімі металічнымі рукамі ў такт музыцы і было падобна на тое, што яны сапраўды робяць гэтую музыку. Яны, машыны, а не людзі. У прынцыпе, гэта і ёсць філасофія гурта Kraftwerk.



Пасля робатаў шторы зноў зачыніліся, і яны змяніліся жывымі людзьмі.
На гэты раз — у чорных камбінезонах, якія свяціліся зялёнымі флюарысцэнтнымі палоскамі.
Падышоўшы бліжэй да сцэны, можна было пабачыць, што ўсе спевы (складана, канешне, гэты механічны жалезны голас назваць спевамі) выконваліся на жыва. У вакаліста Ральфа Хутэра (Ralf Hütter) быў маленькі мікрафончык, у які ён і спяваў пра “машыны”, “камп’ютары”, “аўтабаны” і “радыёактыўнасць”.



Са сцэны Kraftwerk сыходзілі па адным, выпальваючы “сола” на сваіх камп’ютарах.
Апошні зыходзіў Ральф Хутэр, які на развітанне сказаў: “Добры вечар, Балатон.” Пакланіўся і знік...

Пасля канцэрту прыйшло адчуванне, што паглядзеў візуалізаваны падручнік па гісторыі электроннай музыкі. А гэтая музыка пачала сваё існаванне як раз у 70-х, з такіх гуртоў як Kraftwerk.



Фота: Міла Котка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі