Колькасць ахвяраў тэракту ў Стамбуле вырасла да 41 чалавека

У выніку тэракту ў міжнародным аэрапорце імя Атацюрка ў Стамбуле, па апошніх звестках, загінуў 41 чалавек. Сярод іх 13 замежных грамадзян. Параненымі лічацца больш за 230 чалавек.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган рэзка асудзіў дзеянні зламыснікаў, якія забілі нявінных людзей у Рамадан. Ён заклікаў міжнародную супольнасць узмацніць барацьбу з тэрарызмам, перадае Бі-Бі-Сі.

Як паведамлялася, перастрэлка і выбухі ў аэрапорце адбыліся позна ўвечары ў аўторак. Нападнікі спярша адкрылі агонь з аўтаматаў, а потым падарвалі сябе. Міністр юстыцыі Турцыі Бекір Боздаг заяўляе, што за нападам стаяць тры смяротнікіаў.

Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за тэракт. Раней турэцкія ўлады вінавацілі ў нападах курдскіх сепаратыстаў ці баевікоў групоўкі "Ісламская дзяржава".

Як паведамлялася, грамадзяне Беларусі пры тэракце не пацярпелі.